“Хацелі паказаць, што з таго боку Буга жывуць злодзеі”: гісторык пра 17 верасня

Варшава, Польшча / Reuters
Да 2020 года дыскусіі пра тое, ці можа 17 верасня быць святам для беларусаў, былі б цалкам нармальнымі, лічыць гісторы Цімох Акудовіч. І эксперты не аднойчы абмяркоўвалі гэтую дату як неадназначную ў гісторыі Беларусі. Некаторыя людзі нават святкавалі гэты дзень і да 2020 года.
Але “назначэнне” гэтай даты Днём народнага адзінства ў сённяшнім кантэксце мае мэтай развіццё нянавісці з боку беларусаў у дачыненні да палякаў, кажа Акудовіч.
— У сітуацыі да 2020 года можна было сесці і спакойна падыскутаваць пра тое, ці можа гэтая дата быць святам. І з беларускага цэнтрысцкага боку тады гучалі галасы, маўляў, чаму б і не, аб’ядналася ж Беларусь?
Але зараз іншы кантэкст, і відавочна, што гэтае свята падымаецца на сцягі, каб паставіць яшчэ адну жалезную заслону на заходняй мяжы. Каб яшчэ раз паспрабаваць даказаць беларусам, што з таго боку Буга жывуць нейкія злодзеі і нелюдзі, — кажа Акудовіч.
А як увогуле абіраць гістарычныя даты, якія варта зрабіць святам для ўсёй нацыі? Акудовіч кажа, што сыходзіць з таго, ці прынёс пэўны дзень радасць кожнаму жыхару краіны, амаль немагчыма.
— Я для сябе прыдумаў такі паказчык: суб’ектнасць. Праблема 17 верасня не ў тым, што гэта неадназначная падзея, і не ў тым, што гэта ўдар у спіну палякам. Тады ўсе ўсім у спіну білі. Праблема ў суб’ектнасці: беларусы ў гэтым вызваленні не прымалі ніякага ўдзелу. Не было такога, што Купала з Коласам хадзілі да Сталіна, прасілі дывізію і ішлі адваёўваць Заходнюю Беларусі. Не было.
Гэта было проста палітычнае рашэнне Сталіна, у якім беларусы не прымалі ніякага ўдзелу. А калі беларусы не былі суб’ектамі, дык, напэўна, і святкаваць гэта не варта.
Усё ж такі некаторых удзельнікаў тых падзей Акудовіч пагаджаецца назваць суб’ектамі. Гэта прыхільнікі савецкай улады ў Заходняй Беларусі, якія сапраўды чакалі на ўз’яднанне і верылі ідэям Сталіна.
— Але ж іх лёс жахлівы: шмат хто быў рэпрэсаваны, і гэта чарговая нагода не адзначаць дату як свята.
Але тое, што нейкую дату не варта адзначаць як свята, зусім не значыць, што пра яе не варта памятаць, папярэджвае Акудовіч. Пра 17 верасня дакладна варта ўспамінаць і вывучаць падзеі тых часоў.
Поўную версію размовы з Цімохам Акудовічам глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.