У пракуратуры сказалі, чаму забаранілі навуковую манаграфію пра БНР
Кніга Дароты Міхалюк / Камунікат
Манаграфію Дароты Міхалюк пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі забаранілі ў Беларусі, бо яна супярэчыць палажэнням дырэктывы Лукашэнкі аб ідэалогіі. Пра гэта заявілі ў прэс-службе Генпракуратуры.
Міністэрства інфармацыі ўнесла кнігу "Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1929 гг.: Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці" ў спіс забароненых 29 снежня 2025 года. Выявілася, што ініцыятарам такога кроку была пракуратура Горацкага раёна.
Пракурорскія работнікі знайшлі гістарычную манаграфію ў продажы ў інтэрнэце і накіравалі кнігу ў Рэспубліканскую камісію па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі.
"Згодна з заключэннем Рэспубліканскай камісіі асобныя фрагменты прадстаўленага на ацэнку друкаванага выдання ідуць насуперак з палажэннямі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 красавіка 2025 г. №12 "Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы" і могуць нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам краіны", — заяўляюць у пракуратуры.
Пасля гэтага Мінінфарм пастанавіў прыбраць манаграфію з продажу.