Зяленскі пракаментаваў запрашэнне РБ і РФ у Раду міру
Уладзімір Зяленскі / Telegram / Zelenskiy Official
Запрашэнне ў Раду міру, якую збірае Дональд Трамп, атрымаў і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле Трампа, гэты орган ствараецца для развязання канфлікту ў сектары Газа.
Украінскія дыпламаты, як адзначыў Зяленскі, цяпер прапрацоўваюць гэтае запрашэнне.
"Расія — наш вораг, Беларусь — яе саюзнік. Пакуль што для мяне вельмі складана ўявіць, як мы з Расіяй можам быць разам у той ці іншай радзе. І гэта не тычыцца гэтай "Рады міру". Проста Расія — гэта пра "Раду вайны". І Беларусь разам з імі, а менавіта рэжым Лукашэнкі", — перадаюць словы Зяленскага ўкраінскія СМІ.
Раней паведамлялася, што запрашэнні ўступіць у Раду міру атрымалі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка. Агулам кіраўніцтва ЗША разаслала запрашэнні не менш, чым у 50 краінаў, праігнараваўшы, аднак, Кітай.
Паводле звестак СМІ, запрашэнне прынялі Марока, В'етнам, Казахстан, Венгрыя і Аргенціна. Францыя і прэзідэнт Эманюэль Макрон устрымаліся ад прапановы, што абурыла Трампа.