У беларускіх калоніях застаюцца мінімум 22 замежнікі, асуджаныя за "палітыку"
Турма, ілюстрацыйнае фота / Еўрарадыё
У калоніях у Беларусі застаюцца як мінімум 22 замежнікі, асуджаныя паводле пратэсных артыкулаў. Такія звесткі паведамляе праваабарончы цэнтр "Вясна".
Ад 2020 года, паводле інфармацыі праваабаронцаў, не менш за 100 замежнікаў сталі фігурантамі крымінальных спраў па пратэсных артыкулах, прычым 27 з іх — жанчыны.
У калоніі былі адпраўленыя як мінімум 75 чалавек. Не менш за 29 замежнікаў былі вызваленыя з-за кратаў па памілаванні пасля перамоваў дэлегацыі ЗША з рэжымам Лукашэнкі. У калоніях застаюцца яшчэ 22 чалавекі. У іх ліку ёсць грамадзяне Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Францыі, Латвіі, Польшчы.
Праваабаронцы пералічваюць артыкулы Крымінальнага кодэкса, паводле якіх былі асуджаныя замежнікі: агентурная дзейнасць (арт. 358), шпіянаж (арт. 358), садзейнічанне "экстрэмісцкай дзейнасці" (арт. 361-4), заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі (арт. 361), грубае парушэнне парадку (арт. 342), дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1), акт тэрарызму (арт. 289), міжнародны тэрарызм (арт. 126).