"Вясна": з 2021 года 9 палітвязняў памерлі за кратамі
Бел-чырвона-белы сцяг Беларусі / Euroradio
З 2021 года дзевяць палітвязняў памерла за кратамі. Сёлета не стала дваіх з іх, нагадваюць праваабаронцы "Вясны". У 2025 годзе волі не дачакаліся палітвязні Валянцін Штэрмер і Андрэй Паднябенны.
Валянцін Штэрмер адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі № 17. У 2023 годзе мужчыну асудзілі да пяці гадоў калоніі за 8 каментароў супраць уварвання Расіі ва Украіну. Былы палітвязень Дзмітрый Лукша распавядаў, што ў калонію Валянцін прыехаў пасля інсульту.
Андрэй Паднябенны — 36-гадовы расійскі грамадзянін. Яго двойчы судзілі паводле крымінальных артыкулаў і прызначылі 16 гадоў і 8 месяцаў зняволення. За кратамі ён правёў амаль чатыры гады. Прычынай смерці стала ўдушша — палітвязень павесіўся ў штрафным ізалятары. У яго засталося трое дзяцей.
Усяго 1135 палітвязняў застаюцца ў няволі. На дадзены момант праваабаронцам вядома не менш чым пра 164 палітвязні, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх 56 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, 7 чалавек маюць інваліднасць.