За "палітыку" асудзілі кіраўніка інавацый IT-кампаніі 4RM Systems

Аляксандр Сульжыц

Аляксандр Сульжыц / retail.ru

Кіраўніка аддзела інавацыйных даследаванняў кампаніі 4RM Systems Аляксандра Сульжыца асудзілі паводле палітычнай справы. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра "справу Гаюна", піша "Наша Ніва".

Аляксандру Сульжыцу 44 гады. Ён родам з Пінска. У 2005 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці "Фінансы і крэдыт".

Сваю працоўную кар'еру ён пачынаў з лагістыкі — працаваў менеджарам па транспарце ў "Пінскдрэве". Потым працаваў у іншых кампаніях — займаўся як лагістыкай, так і гандлем металам. У 2019-2022 гадах Сульжыц працаваў у Rozum Robotics, дзе прайшоў шлях ад менеджара па пастаўках да кіраўніка аддзела робататэхнічнай аўтаматызацыі.

Апошнім месцам яго працы была кампанія 4RM Systems. Там ён займаўся распрацоўкай рашэння Stemma са штучным інтэлектам для аўтаматызацыі кас самаабслугоўвання ў гандлі.

У яго ёсць жонка і двое дзяцей. Паведамляецца, што ў чатах ён нярэдка адказваў па-беларуску.

Затрымалі Сульжыца каля васьмі месяцаў таму, калі ён звольніўся і шукаў працу. Суд над ім адбыўся пры канцы 2025 года ці на пачатку 2026-га. У Мінскім гарадскім судзе яго прызналі вінаватым у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" і прысудзілі ці "хімію" з накіраваннем, ці калонію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.