“Арэшнік Шродзінгера”? Храналогія навін пра (не)размяшчэнне зброі ў Беларусі

Стоп-кадр з сюжэта Міністэрства абароны пра пастаноўку на баявую варту "Арэшніка"

Стоп-кадр з сюжэта Міністэрства абароны пра пастаноўку на баявую варту "Арэшніка" / Мінабароны Беларусі

Навін пра “Арэшнік” выходзіць шмат, і ніводная не адказвае на пытанне, ці ёсць гэтая ўстаноўка насамрэч у Беларусі. Але менавіта праз “Арэшнік” прэзідэнт Украіны палохае беларусаў уцягваннем у вайну. Гэтым разам — не адной нагой, а па-сапраўднаму.

Дапаможам вам разабрацца з тым, што адбываецца вакол “Арэшніка” апошнім часам.

 

28 снежня 2025 года. Рух на старым аэрадроме

Амерыканскія даследчыкі вылічылі месца патэнцыяльнага размяшчэння “Арэшніка”. Пра гэта ў сваім блогу паведаміў дырэктар праграмы даследаванняў па нераспаўсюджванні зброі масавага паражэння Інстытута міжнародных даследаванняў Джэфры Льюіс.

“Арэшнік Шродзінгера”? Храналогія навін пра (не)размяшчэнне зброі ў Беларусі
Кадры з відэароліка пра заступленне "Арэшніка" на баявую варту / Міністэрства абароны РБ

14 студзеня 2026 года. Негабарытныя грузы не прывозілі

Супольнасць чыгуначнікаў пацвердзіла, што апошнім часам вакол “Арэшніка” адбываліся дзіўныя рухі. Да нядаўняга часу чыгуначная інфраструктура вакол тэрыторыі расфарміраванай авіябазы поўнасцю адсутнічала. А цяпер з’явілася.

Разам з тым там сказалі, што “Крычаў-6” не з’яўляецца адзіным аб’ектам на тэрыторыі краіны, дзе вядзецца актыўнае будаўніцтва і развіццё ваеннай інфраструктуры з удзелам расійскіх вайскоўцаў. Гаворка ў тым ліку пра ўладкаванне і мадэрнізацыю чыгуначных камунікацый.

Да таго ж прывялі і яшчэ адзін аргумент на карысць таго, што самаходныя пускавыя ўстаноўкі “Арэшніка” не ўвозіліся на тэрыторыю Беларусі. Чыгуначнікі кажуць, што ў лістападзе-снежні мінулага года не было зафіксавана перамяшчэнне негабарытных грузаў з тэрыторыі Расіі.

 

7 лютага 2026 года. Папярэджанне Зяленскага

Днямі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напужаў беларусаў словамі пра рызыку ўцягвання Беларусі ў вайну. Гэтую рызыку ён звязаў перш за ўсё з размяшчэннем на тэрыторыі краіны комплексу “Арэшнік”.

Для тых беларусаў, якія памятаюць пра наступ на Кіеў праз тэрыторыю нашай краіны, Зяленскі патлумачыў (так, беларускі рэжым дазволіў поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну, але самі беларусы ў гэтым наступе не ўдзельнічалі):

— Таму наш сігнал для Беларусі такі: вас могуць уцягнуць у гэтую вайну, і рускія гэтага хочуць.

 

10 лютага 2026 года. Зноў паглядзелі здымкі са спадарожніка. Пазіцыя можа быць фальшывай

Журналісты Радыё Свабода прааналізавалі спадарожнікавыя здымкі кампаніі Planet Labs ад 9 лютага 2026 года. Журналісты кажуць, што на гэтых здымках бачны вайсковы аэрадром “Крычаў-6”, дзе працягваецца разгортванне вайсковай базы, а таксама машыны, якія могуць належаць ракетнаму комплексу “Арэшнік”.

Вайсковы эксперт украінскага выдання Defence Express Іван Кірычэўскі ў каментары Свабодзе кажа:

— Тое, што Расія разгортвае ў Беларусі вайсковую інфраструктуру для размяшчэння ракетнага комплексу „Арэшнік” — факт. Тое, што там ужо ёсць асобныя кампаненты для забеспячэння працы балістычных ракет сярэдняй далёкасці „Арэшнік” — таксама факт. Пры гэтым нельга выключаць, што расіяне могуць такім чынам ствараць фальшывыя вайсковыя пазіцыі. І гэта можа быць адна з такіх фальшывых пазіцый”.

 

Увогуле, што такое “Арэшнік”, і каго ім пужаюць?

Мы запыталіся ў украінскага вайсковага эксперта Аляксандра Каваленкі, каму "Арэшнік" нясе пагрозу.

— Што такое наогул "Арэшнік"? На самай справе гэта міжкантынентальная балістычная ракета РС-26 "Рубеж". Тая, якая павінна была стварыць пагрозу для Еўропы і Украіны на сярэдніх дыстанцыях паражэння.

"Арэшнік" — гэта такая рэфлексія пуцінскага рэжыму. У іх былі ракеты Х-101, у іх былі "Іскандэры", "Кінжалы", якія збіваліся "Патрыётамі". Што яшчэ яны могуць прадэманстраваць? Вось успомнілі пра “Арэшнік”.

"Арэшнікам" у 2024 годзе нанеслі ўдар па Дняпры. А колькі "Арэшнікаў " выкарысталі супраць Украіны пасля гэтага? Я вам скажу: ніколькі.

Калі казаць пра канвенцыйную, а не ядзерную баявую частку, дык магутнасць "Арэшніка" — прыкладна 850-900 кілаграмаў выбуховага рэчыва. Гэта як накіраваць у бок Украіны паўтара "Іскандэра". А па Кіеве прылятала адначасова 10 і нават больш "Іскандэраў". Толькі ракета "Арэшнік" каштуе 80 мільёнаў долараў, а "Іскандэр" — каля 1 мільёна.

Так што... Шчыра кажучы, бачылі мы сёе-тое і памагутней.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.