Кліенты аператара А1 не могуць зарэгістравацца ў Signal
Месенджар Signal / pexels.com
У Беларусі кліенты мабільнага аператара А1 не могуць зарэгістравацца ў месенджары Signal.
Пры стварэнні акаўнту ў Signal карыстальніку неабходна ўвесці свой нумар мабільнага тэлефона. Потым яго неабходна пацвердзіць з дапамогай шасцізначнага кода, які прыйдзе праз смс-паведамленне. Аднак, як сцвярджае "Бюро" са спасылкай на чытачоў, правайдар А1 абмяжоўвае магчымасць атрымання кода.
Журналісты папрасілі беларусаў, якія раней ніколі не карысталіся Signal і маюць беларускую сім-карту, усталяваць дадатак і зарэгістраваць акаўнт у месенджары. Выявілася, што карыстальнікі ў Беларусі могуць загружаць і ўсталёўваць мабільны дадатак Signal на смартфоны. Аднак менавіта зарэгістраваць новы акаўнт атрымалася толькі ў кліентаў мабільных аператараў МТС і Life, прычым нават у роўмінгу.
Карыстальнікі А1 на запыт кода атрымліваюць такое паведамленне: "У Signal не атрымалася адправіць смс-код праз праблемы з пастаўшчыком смс-паведамленняў".
Журналісты звязаліся з тэхпадтрымкай А1 пад выглядам занепакоеных карыстальнікаў. У кампаніі адмаўляюць якія-небудзь абмежаванні наконт Signal: "Кампанія [А1] не блакуе працу дадаткаў, месенджараў і сацыяльных сетак".
Дарэчы, у Расіі Signal заблакаваны Раскамнаглядам з 9 жніўня 2024 года. Кампанію абвінавацілі ў "парушэнні патрабаванняў заканадаўства" і выкарыстанні з "тэрарыстычнымі/экстрэмісцкімі мэтамі".