Дадатак беларускага банка прыбралі з App Store праз санкцыі
Альфа Банк / Еўрарадыё
У App Store праз санкцыі часова выдалілі дадатак "Альфа Банка". Пра гэта паведаміла прэс-служба самога банка. "Пераднавагодні цуд, гэта ты?" — пракаментавалі ў фінансавай установе.
Паведамляецца пра выдаленне праграм INSNC (у тым ліку папярэдняй версіі — InSync) і "Альфа бізнес Мабайл 2.0". У карыстальнікаў, у якіх гэтыя праграмы ўжо стаялі, яны працягваюць працаваць у звычайным рэжыме, таму выдаляць іх са смартфонаў не рэкамендуюць, бо нанова спампаваць будзе нельга.
Карыстальнікам, у якіх праграмы не стаялі, раяць скарыстацца вэб-версіяй INSNC. Каб увайсці ў яе, спатрэбіцца мабільны тэлефон для СМС-пацвярджэння і пашпарт. Таксама можна скарыстацца інтэрнэт-банкам Альфа бізнес Онлайн.
Праграмы для Android і Huawei застаюцца даступнымі ў крамах і працуюць стабільна.
"Альфа Банк" трапіў у 19-ы пакет санкцый ЕС, як і яшчэ дзве "дачкі" расійскіх банкаў — "Сбер Банк" і "ВТБ-Банк".