МАЗ у абыход санкцый купляе ваенную прадукцыю ў Кітаі і КНДР

Сцяг Кітая, ілюстрацыйнае фота

Сцяг Кітая, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларускія прадпрыемствы ў абыход міжнародных санкцый атрымліваюць камплектуючыя з Кітая і Паўночнай Карэі для вайсковай прамысловасці Беларусі і Расіі. Пра гэта піша аналітычны OSINT-праект Dallas.

Паводле звестак украінскай выведкі, больш за 80% беларускіх кампаній цяпер выконваюць заказы, звязаныя з расійскай ваеннай вытворчасцю. Беларускія заводы стварылі сістэму закупкі кампанентаў абмежаванага доступу праз кітайскіх пасярэднікаў. Гэтая мера дазваляе фармальна абыходзіць санкцыі і хаваць сапраўднае ваеннае прызначэнне здзелак.

Адну з ключавых роляў у гэтых схемах адыгрывае Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ). Расследвальнікі OSINT выявілі, што важную ролю ў здзелках выконвае даўні супрацоўнік МАЗ Аляксей Адамовіч, які ў 2023 годзе стаў камерцыйным дырэктарам у Міханавіцкім лагістычным цэнтры (Мінскі раён). Сцвярджаецца, што фармальна гэта звычайны лагістычны цэнтр, але на практыцы ён "служыць цэнтрам закупак для вытворчых ліній МАЗ". Праз яго заключаюцца кантракты, каб пастаўшчыкі не трапілі пад санкцыі, уведзеныя супраць МАЗа.

"Сярод іншага, перапіска Адамовіча выявіла кантракты на пастаўку ваенных кампанентаў, замаскаваных пад грамадзянскія дэталі“, — гаворыцца ў расследаванні.

Адным з галоўных партнёраў МАЗа называюць расійскі завод УралАЗ. На ім выпускаюць цяжкія ваенныя грузавікі і браняваныя машыны з супрацьміннай абаронай. Іх вытворчасць значна залежыць ад імпартных камплектуючых, у прыватнасці, з Кітая. Расследвальнікі выявілі прапановы аб стварэнні кітайскага філіяла ў СЭЗ "Мінск" для абыходу санкцый. Яны адзначаюць, што "матэрыялы, падрыхтаваныя для расійскага рынку, адкрыта паказвалі на тое, што прапанаваная прадукцыя прызначаная для ваеннага выкарыстання".

Мяркуецца таксама, што Адамовіч меў дачыненне да арганізацыі закупак для МАЗа ў Паўночнай Карэі. Там беларускае прадпрыемства купляла буйныя партыі дэталяў, у тым ліку сістэмы рулявога кіравання, электронныя модулі, кампаненты падвескі і выхлапной сістэмы. Пры гэтым фармальныя закупкі ішлі праз кітайскага пасярэдніка — кампанію Shenyang Raimond Industrial Co., "якая лічыцца цэнтрам незаконных аперацый з удзелам КНДР".

Аналітыкі адзначаюць, што гэтая працяглая супраца парушае рэзалюцыі 2375 і 2397 Савета Бяспекі ААН, якія забараняюць любыя камерцыйныя адносіны з паўночнакарэйскімі дзяржаўнымі структурамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.