У Германіі затрымалі "цыбульнага караля" і дэпутата Ёрга Дорнау
Ёрга Дорнау выводзяць з залы пленарных пасяджэнняў ландтага / Bild
Падчас пасяджэння ландтага ў Саксоніі 4 лютага затрымалі дэпутата ад папулісцкай партыі "Альтэрнатыва для Германіі" (AfD) Ёрга Дорнау. Яго вінавацяць у абыходзе санкцый ЕС і пастаўцы падсанкцыйнай тэхнікі ў Беларусь.
Паліцыянты адвялі Дорнау ў асобнае памяшканне для допыту. У яго офісе ў ландтагу, а таксама дома і ў яго кампаніях прайшлі ператрусы, піша Bild. Перад гэтым ландтаг пазбавіў Дорнау дэпутацкага імунітэту.
Як паведаміла пракуратура Лейпцыга, Дорнау затрымалі па справе аб парушэнні закона аб знешнім гандлі і плацяжах. Яго вінавацяць у падзеях жніўня 2022 года. Тады ён у абыход санкцый адправіў у Беларусь тэлескапічны пагрузчык, абазначыўшы краінай прызначэння Казахстан. У пракуратуры падкрэсліваюць, што такі экспарт забаронены і караецца нямецкім законам у адпаведнасці з еўрапейскімі правіламі.
У Беларусі Дорнау вядомы тым, што на яго ферме "Цыбулька-Бел" пад Лідай выкарыстоўвалася праца палітвязняў.