Яшчэ адзін мінскі касцёл закрыюць на рамонт
Касцёл на Кальварыйскіх могілках у Мінску / katolik.life
Дзяржпрадпрыемства "Мінская спадчына" пачынае работы па рэканструкцыі касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках у Мінску. Таксама яна зоймецца рэканструкцыяй капліц-пахавальняў і ўваходнай брамы.
Як заўважыла выданне katolik.life, ужо з'явіўся тэндар на выкананне абследавальніцкіх работ. Згодна з закупкай гэтыя работы мусяць пачацца ў другой палове лютага. Падчас іх абследуюць тэхнічны стан сцен, падмуркаў, даху, унутранага аздаблення. Потым спецыялісты выдадуць заключэнне. І толькі пасля гэтага ў храме з'явяцца будаўнічыя рыштаванні.
Выданне звярнула ўвагу, што ў публічнай прасторы звестак пра закрыццё касцёла на час рэканструкцыі няма. Там дагэтуль праходзяць набажэнствы. Аднак мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі гаварыў, што "парафія будзе вымушана шукаць часовае месца, паколькі дзяржаўная арганізацыя плануе там рамонт".
Гэта будзе другі з мінскіх касцёлаў, якія зачыняюць на рэканструкцыю. Дагэтуль стаіць закрытым Чырвоны касцёл — там рэканструкцыю павінны закончыць пасля студзеня 2027 года.