Вызваленага ксяндза Акалатовіча чакае новы суд
Ксёндз Генрых Акалатовіч / katolik.life
Вызваленыя 20 лістапада беларускія каталіцкія святары Генрых Акалатовіч і Анджэй Юхневіч застаюцца ў Ватыкане. Аднак ніякай афіцыйнай інфармацыі пра гэта пакуль так і не з'явілася.
Як піша выданне katolik.life, афіцыйных сустрэч з іх удзелам не было, на апошняй Генеральнай аўдыенцыі Папы Рымскага перад яго выездам у Турцыю святароў не заўважылі. Сувязі з вызваленымі святарамі па-ранейшаму няма, кантактаў з прэсай ім пакуль што не дазваляюць.
Тым часам стала вядома, што ксяндза Акалатовіча чакае новы суд у Беларусі. Яму хочуць забараніць выезд з краіны, хаця фактычна яго ўжо вывезлі.
Адпаведная грамадзянская справа з'явілася ў раскладзе суда Баранавіцкага раёна на 2 снежня. Падставай для забароны на выезд стаў велізарны доўг, прыпісаны святару. Па абвінавачванні ў "здрадзе дзяржаве" яму не толькі прысудзілі 11 гадоў пазбаўлення волі, але і абавязалі выплаціць нібыта прычыненую дзяржаве шкоду — 1 млн 700 тысяч рублёў (прыкладна 500 тысяч еўра). У сувязі з гэтым быў накладзены арышт на маёмасць і грошы, канфіскаваныя пры затрыманні Акалатовіча. Вернікі сцвярджаюць, што маёмасць (у тым ліку аўтамабілі) належаць парафіі, а большая частка грошай — яго сваякам, а не яму самому.
Дарэчы, пры вызваленні ксяндзоў паведамлялася, што іх адпусцілі па памілаванні Лукашэнкі. Выглядае, што памілаванне не датычыць матэрыяльнай часткі прысуду.