Палітзняволеная ілюстратарка зацяжарыла ў калоніі пасля спаткання з мужам
Наталля Левая / фота з яе старонкі "Вконтакте"
У калоніі пасля спаткання з мужам зацяжарыла палітзняволеная ілюстратарка і айцішніца Наталля Левая.
Пра гэта ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку напісала экс-палітвязняволеная Марынa Золатава:
"Больш за ўсё сёння мяне хвалюе Наташа Левая. Адбыўся цуд: пасля спаткання з мужам яна зацяжарыла. Да гэтага пара доўгі час не магла завесці дзяцей. Нараджаць Наташы прыкладна ў сакавіку. Так хочацца, каб гэта адбылося ў іншых умовах".
Наталля Левая — ілюстратарка з Брэста. Пэўны час яна працавала ў Польшчы 2D-мастачкай і мастачкай-пастаноўшчыцай. Імаверна, пасля пачатку вайны яна выехала ў Польшчу. У снежні 2023-га Наталля звольнілася і вырашыла вярнуцца на радзіму. Паведамлялася, што перад вяртаннем яна звярталася ў КДБ, зрабіла выплаты ў кратным памеры за данаты і атрымала адпаведную даведку. З гэтай прычыны яна меркавала, што ў Беларусі ёй нічога не пагражае.
Аднак на мяжы Наталлю затрымалі. Суддзя Мікалай Сянько прызначыў ёй шэсць гадоў пазбаўлення волі.