Цеплатрасу ў Мінску адрамантавалі, гарачая вада бяжыць па трубах — Белэнерга
Рамонтныя работы на цепламагістралі / Мінэнерга
У Мінску завяршылі асноўныя работы на пашкоджаным участку цепламагістралі. Гарачая вада амаль на дастатковым узроўні запоўніла адрамантаваную цеплатрасу. Пра гэта зранку 21 студзеня паведаміў першы намеснік гендырэктара "Белэнерга" Юрый Шмакаў.
"На цяперашні момант цалкам цэласнасць магістралі адноўленая. Усталяваны пашкоджаны элемент. Гэта досыць складанае кампенсацыйнае прыстасаванне, якое пашкодзілася. І практычна завершана запаўненне цепламагістралі цепланосьбітам", — расказаў Шмакаў.
Энергетыкі кажуць, што працавалі круглыя суткі. Праца вялася ў складаных умовах: тэмпература паветра апускалася да 17 градусаў марозу.
Паведамляецца, што ў некаторых мінчукоў могуць узнікаць праблемы з батарэямі — тады варта звяртацца ў ЖКГ. Камунальнікі займаюцца распаветрываннем. 21 студзеня сігналы пра такую праблему паступалі ў Маскоўскім раёне Мінска.
Аварыя на цепламагістралі каля ЦЭЦ-4 адбылася 19 студзеня. У выніку без ацяплення цэлы дзень заставаліся каля 3000 дамоў у пяці раёнах сталіцы.
Падобныя аварыі на цеплатрасах апошнім часам адбыліся таксама ў Барысаве, Смалявічах, Гомелі, Жодзіне, Дзятлаўскім раёне.