Канцэнтрацыя пылу ў мінскім паветры перавышае норму ў 12 разоў
Мінск аказаўся ва ўладзе смогу / lookby.media
Якасць паветра ў Мінску па-ранейшаму неспрыяльная. Канцэнтрацыя часцінак PM2,5 месцамі дасягае 180 мкг/м3 — гэта ў 12 разоў вышэй за норму СААЗ, адзначае тг-канал "Мінск. Галоўнае".
PM2,5 — драбнюткія цвёрдыя і вадкія часцінкі ў паветры дыяметрам да 2,5 мікраметра. Яны трапляюць у лёгкія і нават кроў, назапашваюцца ў арганізме, выклікаючы сур'ёзныя праблемы.
Прычынай кепскай якасці паветра называюць марознае зацішнае надвор'е. Цёплы пласт паветра зверху не дазваляе забруджванням рассейвацца, таму выхлапы ад машын, ЦЭЦ і прадпрыемстваў назапашваюцца каля зямлі.
Таксама над Мінскам назіраюцца туман і смог, падсветленыя сонечным святлом.
Мінчукам рэкамендуюць па магчымасці скараціць час перабывання на вуліцы і праветрываць памяшканні асцярожна.