Калонію ў Наваполацку трэба зачыніць з меркаванняў экалогіі — палітвязень-біёлаг

Турма ў Беларусі

Турма ў Беларусі / AFP

Папраўчую калонію ў Наваполацку трэба зачыніць з меркаванняў экалогіі. Пра гэта ў гутарцы з літоўскім выданнем LRT заявіў экс-палітвязень Сяргей Шэлег, якога трымалі ў гэтай калоніі.

Шэлег — навукоўца-біёлаг і менеджар. Яго затрымалі ўлетку 2023-га за данаты, якія ён пераводзіў беларускім арганізацыям, якія рэжым пазней прызнаў "экстрэмісцкімі" і "тэрарыстычнымі". У сакавіку 2024-га 63-гадоваму на той момант навукоўцу прысудзілі восем з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. Сёлета яго разам з групай іншых палітвязняў дэпартавалі ў Літву.

Навукоўца звяртае ўвагу, што калонія размяшчаецца ў глухім прамысловым раёне, з усіх бакоў акружаным хімічнымі заводамі. У паветры там перыядычна адчуваюцца спецыфічныя пахі, а вада брудная і непрыдатная для нармальнага ўжывання.

"Часам я літаральна бачыў у паветры бензольныя кольцы, адчуваў пах прадуктаў крэкінгу, які ідзе з боку наваполацкага завода: нейкія недабензіны, недакерасіны. Там пастаянна гарыць факел, на якім спальваюць спадарожныя газы, і бываюць моманты, калі іх прысутнасць у атмасферы адчуваецца вельмі моцна. Плюс, да хімічнага забруджвання паветра дадаюцца і ўласныя выкіды самой калоніі",пералічвае экс-палітвязень.

Паводле яго, беларускія экалагічныя службы проста заплюшчваюць вочы на тое, што адбываецца ў гэтым месцы. "З экалагічнага пункту гледжання гэтую калонію даўно пара закрываць: знаходжанне там прычыняе шкоду не толькі зняволеным, але і супрацоўнікам. Дзіўна, што яны самі не звяртаюць на гэта ўвагі, бо ім таксама даводзіцца працаваць у гэтых умовах і дыхаць усім гэтым", — канстатуе Шэлег.

Таксама ён звяртае ўвагу на характар работ, да якіх прыцягваюць зняволеных, у тым ліку палітычных. Паводле Шэлега, там шмат шкодных вытворчасцяў, якія ўплываюць на здароўе вязняў: перапрацоўка пластыка, плаўленне і ачыстка правадоў ды іншыя працэсы, якія суправаджаюцца таксічнымі выпарэннямі.

Праваабаронцы кажуць, што вельмі часта палітвязняў ставяць на пераборку поліэтыленавых адходаў. Пастаянны кантакт з дробным пылам шкодзіць скуры і дыхальным шляхам.

На дрэваапрацоўцы асуджаныя ўручную цягаюць цяжкія дошкі і бярвёны пад адкрытым небам. Работы вядуцца як у мароз, так і пад пякучым сонцам.

Трэці від работ — утылізацыя кабеляў і адходаў. Ізаляцыю, гуму і спісаную ваенную маёмасць проста спальваюць, што вядзе да выкідаў свінцу і іншых таксічных злучэнняў, а дым дасягае жылых карпусоў. Работы вядуцца без сродкаў абароны, што пагражае здароўю і жыццю.

У наваполацкай калоніі трымаюць многіх палітвязняў, у тым ліку Віктара Бабарыку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.