Праверка Камітэта дзяржкантролю школ Беларусі выявіла недахоп кадраў у сталовых
Хто накорміць школьнікаў? / LookByMedia
Камітэт дзяржаўнага кантролю напрыканцы 2025 года правёў выбарачную праверку 54 школ Беларусі і выявіў недахоп работнікаў у школьных сталовых і камбінатах харчавання. Так, забяспечанасць поварамі ў лістападзе мінулага года ў 11 пачатковых школах Брэста, якія абслугоўваюцца двума камбінатамі харчавання, складала адпаведна 63,6% і 87,7%. Даныя маніторынгу КДК мае арганізацыя BELPOL, якая падзялілася імі з рэдакцыяй Еўрарадыё.
Кухоннымі рабочымі ў Пінску некаторыя камбінаты ўкамплектаваны толькі на 68,1%. У цэлым укамплектаванасць работнікамі ў Брэсцкім раёне на ўзроўні 83,2%. Так, укамплектаванасць мыйшчыкамі посуду ў Лунінцы складае 86,3%, у Пінску — 85,7%.
Як адзначаюць аўтары маніторынгу, кадравы дэфіцыт у асобных выпадках прыводзіць да немагчымасці своечасовага прыгатавання ежы.
У якасці прыкладу яны прыводзяць ДУА "Сярэдняя школа № 12 г. Светлагорска" Гомельскай вобласці, дзе навучаецца больш за тысячу вучняў. Там напрыканцы лістапада праз высокую нагрузку і несвоечасовае прыняцце мер па пераводзе повараў з іншых аб’ектаў (працавалі 2 повары з 5 паводле штатнага раскладу, 1 повар знаходзіўся на бальнічным, меліся 2 вакантныя пасады) абед для вучняў 7–8 класаў — а гэта 134 вучні — пачаўся з затрымкай у 15 хвілін.