“Радуюся, калі бачу запыт на люстэрка”. Чаго хочацца вызваленым палітвязням
Адзенне для палітвязняў / Euroradio
Днямі палітвязні раз’ехаліся з гатэля, у якім шмат хто з іх жыў адразу пасля вызвалення. Цяпер людзі пераехалі на здымныя кватэры і ў шэлтары. Яны могуць не пераймацца праз грошы на арэнду жытла ў бліжэйшыя некалькі месяцаў. Іх таксама будуць падтрымліваць прадуктовымі кошыкамі.
Перад ад’ездам валанцёры сабралі для палітвязняў рэчы, якія спатрэбяцца па першым часе — пасцельную бялізну, коўдры. Цяпер палітвязні патроху паведамляюць пра тое, чаго не хапае ў гэтых кватэрах.
“Шмат хто кажа, маўляў, ім жа перавялі грошы, зладзілі збор! Але ж я хацела б завастрыць увагу на тым, што гэтыя людзі яшчэ не атрымалі дазвол на працу, не кажучы пра тое, што не ўсе яны па стане здароўя гатовы працаваць. І таму трэба разумець, што яны мусяць неяк пражыць на гэтыя сабраныя праз BySol грошы невядомы перыяд часу, і не варта ўсё гэта выдаткоўваць на набыццё коўдры і посуду”, — кажа ў размове з Еўрарадыё валанцёрка і праваабаронца Наста Базар.
Мы распыталі Насту пра асноўныя праблемы, якія дагэтуль застаюцца ў вызваленых і дэпартаваных з краіны напрыканцы мінулага года палітзняволеных. І пра тое, чаму люстэрка, прыгожая запальнічка ці кубачак для палітвязня не менш важныя, чым цёплы пухавік і новая пара абутку.
“Людзі думаюць, што ў іх усё ёсць, бо ў іх ёсць кубак, кіпяцільнік і лыжка”
— Памятаю, як у першыя дні пасля вызвалення быў вельмі кранальны запыт ад адной з палітзняволеных: яна папрасіла сіні аловачак для вачэй. Ці шмат такіх запытаў пра рэчы з мінулага жыцця, якія дапамогуць вярнуцца да нармальнасці?
— Напачатку большасць людзей увогуле нічога не хацела, я памятаю словы Марыны Золатавай: калі палітвязні прыехалі ва Украіну, яна не магла зразумець, чаму вакол так шмат людзей, і чаго яны хочуць. І толькі праз пару дзён зразумела: людзі хочуць дапамагчы і пытаюцца, што ім трэба.
Шмат хто з вызваленых палітвязняў кажа: я некалькі год не магла прымаць рашэнні, не магла рабіць нечага без дазволу, таму цяпер патрэбны час, каб прызвычаіцца — ты можаш казаць пра тое, чаго хочаш.
Днямі прыйшоў запыт ад чалавека з інваліднасцю. Ён прасіў мікрахвалёўку і імбрык — усё знайшлі. Мы спыталі, мо, трэба нешта яшчэ? Ён адказаў: “Не ведаю, ці можна пра такое прасіць, але непаўналетняй дачцэ патрэбны стол для вучобы”. А так здарылася, што мы акурат за дзень да гэтага вызначыліся, што мне больш не патрэбны мой невялікі пісьмовы стол — і ён паедзе да гэтага чалавека.
Не трэба аддаваць апошнія грошы на рондалі для палітвязняў, але калі ў вас ёсць магчымасць дапамагчы — дапамажыце. Ды я і па сабе ведаю, што ў эміграцыі ты з часам абжываешся, і кожны пераезд на новую кватэру суправаджаецца тым, што частка рэчаў аддаецца. Прыкладам, калі мы пераехалі, аказалася, што ў новай кватэры ўбудаваныя фіранкі, і таму мы аддавалі свае фіранкі. Купілі новыя рондалі — можна аддаць старыя.
— А якія праблемы дагэтуль не вырашаны?
— Дагэтуль патрэбны паўэрбанкі, танометры, коўдры, рондалі. Як раблю я? Калі іду купляць сродкі гігіены, я набываю не адзін, а два антыперспіранты, не адзін, а два пачкі пракладак. І лішні тавар адкладаю для палітвязняў і палітвязынак.
Патрэбны былыя ў выкарыстанні ноўтбукі — не так даўно Цэнтр беларускай салідарнасці (ЦБС) знайшоў паўсотні такіх ноўтбукаў. І будзе цудоўна, калі да прыезду наступнай групы людзей у нас ужо будзе і вопратка, і валізы, і побытавыя рэчы, якія мы зможам адразу ім выдаць.
Прывозьце ўсё, што можаце, у ЦБС, і ўсё будзе раздавацца кропкава канкрэтным людзям. Дарэчы, там хутка зладзяць курсы вывучэння польскай мовы, на якія ўжо запісалася шмат палітвязняў, і ўсе рэчы, што вы прынесяце, яны змогуць там забраць.
Адзінае што — вопраткі ўжо вельмі шмат, і я б нават прасіла прывозіць менш. Асабліва шмат жаночай вопраткі. Але ў чым дагэтуль ёсць патрэба, дык гэта ў мужчынскай вопратцы вялікіх памераў, яе пакуль недастаткова.
З абуткам — таксама складана, бо ў большасці людзей пасля калоніі і турмы вялікая праблема з нагамі. Ёсць людзі, гатовыя купіць палітвязням абутак, але я прашу не набываць самі боты, а набыць лепей сертыфікат ці аплаціць пакупку блікам (дыстанцыйны спосаб аплаты тавараў у Польшчы).
“Зваротная сувязь такая: “Это щенячий восторг”
— Напачатку шмат якія салоны запрашалі палітвязняў і палітвязынак на манікюр і фрызуру. Ці падтрымала людзей магчымасць зрабіць такія працэдуры?
— Гэтыя працэдуры — тое, чаго людзі не маглі атрымаць цягам некалькіх год. Я сама не памятаю, калі рабіла манікюр — але ў мяне ёсць доступ да гэтай паслугі, проста яна мне непатрэбная. І магчымасць адправіць палітзняволеных на бьюці-працэдуры важная таму, што гэта опцыя нармальнага жыцця. У нармальным жыцці ты можаш сабе дазволіць манікюр, педыкюр, фрызуру.
Жанчыны рэагавалі вельмі радасна. У адной з палітвязынак перад Новым годам быў дзень народзінаў, і ёй зрабілі святочны макіяж, фрызуру, зладзілі фотасесію. Гэта ўсё было вельмі важна для яе.
Пасля калоній шмат у каго ёсць праблемы са скурай, з валасамі, з пазногцямі. Мужчыны таксама прасілі і манікюр, і педыкюр. І ўжо вядомы беларускі барбер Алесь адгукнуўся і стрыг нашых палітвязняў. Зваротная сувязь такая: “Это щенячий восторг”. Зразумела, што рэсурсы салонаў не бясконцыя, але дагэтуль некаторыя прапаноўваюць нам дапамогу. Наперадзе яшчэ некалькі сеансаў масажу.
Гэта ўсё дае людзям адчуванне, што яны не адны, што іх, калі што, падтрымаюць. Я ўжо шмат разоў паўтарала: чым якасней мы падтрымаем людзей напачатку, тым больш упэўнена яны пойдуць далей. Калі казаць моцна рацыянальнай мовай: выгадней падтрымаць людзей напачатку, і гэта адказнасць нас усіх як грамадства.
І тое самае мы павінны рабіць для палітзняволеных, якія адбылі цэлы тэрмін і прыехалі ў эміграцыю самі. Можа здацца, што вывезеныя ў снежні палітвязні атрымліваюць больш, але я б сказала, што гэта не “больш”, гэта проста “больш цэнтралізавана”.
Вельмі зручна мець магчымасць паведаміць нейкую інфармацыю адразу на 100 чалавек. Гэта нашмат эфектыўней, чым даць разгубленаму чалавеку, які толькі выехаў з Беларусі, спіс з 20 арганізацый, у якія ён можа звярнуцца.
І хочацца на будучыню выпрацаваць сістэму “перахопу” тых людзей, якія выязджаюць паасобку, каб мець магчымасць даць ім той жа аб’ём дапамогі, які зараз атрымліваюць людзі, што былі вывезены ў снежні [у выніку беларуска-амерыканскіх перамоў. — Еўрарадыё].
Калі вы хочаце дапамагчы, звяжыцеся з Цэнтрам беларускай салідарнасці ці проста прыязджайце і пакідайце там рэчы для беларускіх палітзняволеных.