Пасля ўвядзення лімітаў мабільны інтэрнэт можа стаць хутчэйшым — Мінсувязі
Мабільны інтэрнэт, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі вырашыла пракаментаваць увядзенне лімітаў на безлімітны інтэрнэт.
Напярэдадні стала вядома, што ведамства абавяжа аператараў абмяжоўваць безлімітны мабільны інтэрнэт на нармальнай хуткасці 30 Гб у месяц. Пасля гэтага ліміту хуткасць мабільнага інтэрнэту мусіць знізіцца да 1 Мб/с. Карыстальнікам, якія захочуць большай хуткасці, прапануюць даплаціць.
У Мінсувязі заявілі, што чакалі негатыўных водгукаў, асабліва ад абанентаў стацыянарных сетак, якія спажываюць тысячы гігабайтаў за месяц — гэта, маўляў, у сотні разоў перавышае сярэднія паказчыкі. Такія безлімітныя тарыфы тыповыя для краін СНД, але ў еўрапейскіх краінах іх проста няма, падкрэслілі ў ведамстве.
Пры гэтым чыноўнікі адзначылі, што адключаць мабільны інтэрнэт ніхто не будзе, безліміты нікуды не знікаюць. Большасці карыстальнікаў змены нават не закрануць. Проста аператар абавязаны даць 30 Гб на максімальнай хуткасці, а пасля іх вычарпання хуткасць зніжаецца. Пры гэтым чыноўнікі падкрэсліваюць, што раней на безліміце аператары маглі зніжаць хуткасць да 256 Кбіт/с, а цяпер гарантуецца парог у 1 Мб/с.
На такой хуткасці добра працуюць месенджары накшталт Telegram і WhatsApp, стабільна грае музыка ў Spotify ці Yandex Music, загружаюцца стужкі сацсетак, хаця фоткі грузяцца крыху даўжэй. Відэа на YouTube на тэлефоне можна глядзець у 360p або 480p. Не пацягне толькі 4k-відэа, Full HD або цяжкія анлайн-гульні.
Новыя правілы набудуць моц праз месяц — 23 лютага 2026 года. Абанентам давядуць дэталі за 10 дзён перад гэтым.
У Мінсувязі заявілі, што мабільны інтэрнэт на тэлефонах можа стаць нават хутчэйшым.