Google нарэшце дазволіць вам змяніць адрас электроннай пошты
Gmail / unsplash
Кампанія Google дазволіць карыстальнікам змяняць адрас электроннай пошты. Сапраўдны падарунак для тых, хто дваццаць гадоў таму выбраў дзіўную назву для пошты, але да гэтага часу не мог перайсці на новую скрыню.
На старонцы падтрымкі апісваецца новы працэс, гэта заўважылі ў суполцы Google Pixel Hub у Telegram.
"Па жаданні вы можаце змяніць адрас электроннай пошты вашага акаўнта Google, які заканчваецца на gmail.com", — гаворыцца ў паведамленні службы падтрымкі Google.
Пасля першай змены адрасу вы не зможаце змяніць яго паўторна цягам года. А ўсяго кожны акаўнт можа змяніць свой адрас электроннай пошты не больш за 3 разы. Лісты будуць прыходзіць як на стары, так і на новы адрас, таму можна не хвалявацца, што нешта згубіцца.
Кампанія пакуль не абвяшчала пра ўкараненне гэтай новай функцыі публічна, зараз яна даступная яшчэ не ўсім карыстальнікам.