Чаму людзі ў інтэрнэце такія злыя і як адказваць на хейт?
Парады спецыялісткі / pixabay.com
Чаму людзі ў Сеці такія злыя? Што хаваецца за непрыемнымі каментарыямі? І як на іх рэагаваць?
Праект "ІншыЯ" разам з гештальт-псіхатэрапеўткай і коучыняй Агніяй Лойка, стваральніцай ютуб-канала "Агния думает вслух", спрабуюць разабрацца з хейтам у інтэрнэце.
Еўрарадыё з невялікімі скарачэннямі пераказвае гэты тэкст.
Адкуль бярэцца агрэсія?
У інтэрнэце няма магчымасці пасварыцца тварам да твару, але лёгка параніць чалавека абразай або пасіўна-агрэсіўным каментарыем. І калі з першым усё зразумела, то з пасіўнай агрэсіяй разабрацца складаней, бо парушэнне межаў тут маскіруюць пад самыя цудоўныя намеры: клопат, параду, жаданне дапамагчы. Характэрныя канструкцыі ў духу "канечне, табе вырашаць, але…", "ты малайчына, але…", "проста скажу, як ёсць…", "гэта ўсяго толькі маё меркаванне, аднак…". Часта пасіўна-агрэсіўны каментар заканчваюць смайлікамі — маўляў, "я жадаю табе найлепшага".
Чаму людзі часта агрэсіўныя ў інтэрнэце?
Усё справа ў эфекце расфармавання ў Сеці — аслабленні псіхалагічных бар’ераў, якія звычайна абмяжоўваюць выхад схаваных пачуццяў і патрэбаў, у выніку чаго людзі паводзяць сябе ў інтэрнэце так, як не паводзяць сябе ў рэальным жыцці. Вось адкуль гэтае неадпаведнасць: бачыш хамскі каментар, заходзіш у акаўнт чалавека, а там — "мама двух анёлкаў" або "прыстойны сем'янін".
Ключавую ролю ў расфармаванні адыгрывае ананімнасць. Заўважана, што людзі, якія хаваюць свае імёны, значна часцей пішуць абразы, пагрозы, расісцкія заўвагі.
Пры гэтым зусім не абавязкова, што і ў жыцці хейтары — злыя. Хутчэй за ўсё, яны проста выбралі анлайн-хейт як бяспечны спосаб скінуць негатыўнае напружанне. Яны ведаюць, што якія б бесчалавечныя і непрыстойныя думкі яны ні выказвалі, у якой бы хамскай форме яны гэта ні рабілі — усё сыдзе з рук. Пра агідныя дыскусіі не даведаецца сям’я, калегі, суседзі і іншыя людзі, для якіх яны "добрыя".
Хто гэтыя людзі, што пішуць брыдкасці?
Навукоўцы фіксуюць устойлівую сувязь паміж рэгулярным анлайн-хейтам і так званай "цёмнай тэтрадай": нарцысізмам, макіявелізмам, псіхапатыяй і садызмам. Увогуле, хейтэрамі часта становяцца людзі, якія атрымліваюць задавальненне ад болю іншых, людзі, схільныя да маніпуляцый, людзі, што жадаюць улады і прызнання.
Чаму гэта ўсё так кранае?
Нават калі мы добра ведаем аснову — мы ўсё адно можам вельмі балюча рэагаваць на злобныя каментары. Разуменне гэтых механізмаў — першы крок да таго, каб не трапляцца ў пастку пасіўнай агрэсіі ў каментарах. Наступны крок — навучыцца на яе рэагаваць.
Як рэагаваць на пасіўную агрэсію ў інтэрнэце?
Першапачатковая самадапамога — эмацыйная самарэгуляцыя
Як толькі вы натыкаецеся на абразлівы каментар, зрабіце тры глыбокія ўдыхі і выдыхі. Сакцэнтруйце ўвагу на адчуваннях у целе, калі вы ўдыхаеце і выдыхаеце. Потым дайце сабе паўзу, 5–10 хвілін, перш чым што-небудзь адказваць.
Назавіце вашу эмоцыю, сфармулюйце пра сябе. "Я зараз злюся", або "Мне крыўдна", або "Мяне раніла гэтае выказванне". Простае прамаўленне эмоцый зніжае інтэнсіўнасць гэтых эмоцый.
Практыкуйце самаспагады. Нагадайце сабе пра тое, што кожны чалавек можа сутыкнуцца з несправядлівасцю. Падумайце: калі б гэты канкрэтны каментар быў скіраваны да вашага сябра, што б вы яму сказалі, як бы вы яго падтрымалі?
Змяніць інтанацыю
Часта каментатары спецыяльна выводзяць на эмоцыі, каб эмацыйна разрадзіцца самім. Таму добрая стратэгія — даць не тую рэакцыю, якую чакае чалавек. Напрыклад, адказаць "Шкада, што вы так лічыце" або "Мне хацелася б зразумець вашу думку, можаце яе разгарнуць?"