Стала вядома, чаму ў Віцебску затапіла вадой бальніцу хуткай дапамогі

Віцебская БХМД

Віцебская БХМД / БелТА

У Галоўным упраўленні аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама расказалі, чаму бальніцу хуткай дапамогі заліло гарачай вадой.

"Супрацоўнік аперацыйнага блока бальніцы 12 лютага ў 20:30 выявіў цечу гарачай вады з вентыляцыйнай сістэмы стэрылізацыйнай. У 20:35 праз трапленне вады спрацавала сігналізацыя ў сховішчы медыкаментаў", — прыводзіць словы чыноўнікаў выданне "Віцьбічы".

Супрацоўнікі аперацыйнага блока паведамілі пра сітуацыю адказнаму дзяжурнаму лекару і ў дыспетчарскую бальніцы, каб выклікаць сантэхніка. Адміністратар перадаў інфармацыю галоўнаму лекару, дзяжурнаму і выклікаў МНС.

"Па заключэнні спецыялістаў МНС, працёк вады адбыўся праз тэхнічную нежыццяздольнасць вентыля на трубе падачы гарачай вады", — кажуць у аблвыканкаме.

Каб пазбегнуць кароткага замыкання падчас працёку, у электрашчытах адключылі аўтаматы. Без электрычнасці засталося ўсё медыцынскае абсталяванне. Сантэхнікі бальніцы вызначылі, што трубу з гарачай вадой прарвала ў месцы падачы яе на каларыфер кандыцыянера ў паддашкавым памяшканні, і перакрылі ваду.

"У выніку працёку вады былі залітыя памяшканні аперацыйнага блока, чатыры палаты, калідор і падсобныя памяшканні хірургічнага аддзялення №2, часткова памяшканні эндаскапічнага аддзялення, ультрагукавой дыягностыкі і прыёмнага аддзялення. Таксама вада трапіла на стэрылізацыйнае абсталяванне, дзве столевыя медыцынскія кансолі ў аперацыйнай. Іншае медыцынскае абсталяванне, якое знаходзіцца ў гэтых памяшканнях, не пацярпела — было прыкрытае воданепранікальным матэрыялам ці вывезенае ў сухія памяшканні", — заявілі ва ўпраўленні аховы здароўя.

Пацярпелых ад інцыдэнту не было, падчас працёку аперацыі не праводзіліся.

Паведамляецца, што ў клініцы працягвалі працаваць і працуюць без перабояў вада, ацяпленне і электрычнасць. Пацыентаў перавялі ў свабодныя палаты. Пацыентаў, якім неабходная аперацыя, пераразмеркавалі па распараджэнні абласнога ўпраўлення аховы здароўя.

У бальніцы супрацоўнікі прыбралі ваду, праветрылі памяшканні і правялі дэзінфекцыю. Хірургічнае аддзяленне №2, эндаскапія, ультрагукавая дыягностыка і прыёмнае аддзяленне ўжо функцыянуюць у звычайным рэжыме. У аперацыйным блоку працягваецца сушка з дапамогай цеплавых гармат, пасля чаго там правядуць поўную санітарную апрацоўку.

Пра аварыйную сітуацыю ў віцебскай бальніцы хуткай меддапамогі паведаміла 13 лютага ініцыятыва "Белыя халаты". Адзначалася, што частка каштоўнага абсталявання была незваротна сапсаваная. Пазней інфармацыю пацвердзілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Дарэчы, у студзені 2021-га ў хірургічным корпусе клінікі таксама здарыўся патоп. Паводле медыкаў, сёлета прарвала тую ж трубу, што і пяць гадоў таму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.