Майстар, які крытыкаваў беларускі ноўтбук, запісаў "пакаяннае" відэа
Ноўтбук "Гарызонт" / ixbt.com
Мінскі майстар па рамонце тэхнікі запісаў відэа, у якім крытыкаваў H-ноўтбук — вытворчасці мінскага завода "Гарызонт".
"Ужо немагчыма маўчаць пра гэтыя "ашбукі", нібыта беларускія. Гэта проста піпец. Запчастак няма ад слова зусім. Як яны закуплялі ў Кітаі?" — наракаў ён у відэа, якое выклаў у сацсеткі 26 студзеня.
Таксама ён заявіў, што беларускі ноўтбук — гэта кітайскі Spirit. Але галоўнае, што да яго не закупілі камплектуючых:
"Ладна, скралі "кітайца", але завязіце вы камплектуючыя, завязіце клавіятуры, завязіце акумулятары. Акумулятараў у афіцыялаў няма. Клавіятуры магчымыя пад замову — трэба тэлефанаваць на завод, месяцамі цягнуць час, "марозяць" — таксама няма".
Аднак праз пару тыдняў майстар запісаў ужо новае відэа, дзе абвяргае свае ранейшыя словы, заўважыў канал "Витебск, я гуляю!" Ён заяўляе, быццам "не разабраўся" і "не меў рацыі". А сэрвіснае (гарантыйнае і паслягарантыйнае) абслугоўванне гэтых ноўтбукаў праводзіцца ў Беларусі на высокім узроўні, і запчасткі можна заказаць нядорага.
Папярэдні ролік наконт беларускіх ноўтбукаў ён ужо выдаліў і выказаў шкадаванне наконт яго.
У каментарах гледачы назвалі гэтае відэа "пакаянным", параўноўваючы з ролікамі, запісанымі ў ГУБАЗіКу.