Чаму Еўропа не хоча гаварыць з Лукашэнкам? Меркаванне Фрыдмана
Чаму бакі не вядуць перамовы і нават не наблізілася да іх? / LookByMedia
— Што вы можаце прапанаваць мне ў якасці аргумента для пачатку сур’ёзнага дыялогу з гэтым чалавекам? — задаецца пытаннем палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман у эфіры Еўрарадыё. Ён прапануе ўявіць сябе еўрапейскім палітыкам, які мусіць весці размову з Лукашэнкам.
— Канкрэтныя пытанні — так. Мяжа — магчыма, гэта можна абмяркоўваць. Вызваленне палітвязняў — так, гэта пытанне, якое ён сапраўды вырашае, і пра гэта з ім можна гаварыць.
Але калі гаворка ідзе пра больш сур’ёзныя з еўрапейскага пункту гледжання тэмы — напрыклад, пра ядзерную зброю ў Беларусі, пра ваенную прысутнасць, пра выкарыстанне тэрыторыі, — гэта пытанні, якія для Еўропы, на жаль, важнейшыя за лёс беларускіх палітвязняў. Гэта трэба шчыра прызнаць, — сцвярджае Фрыдман.
Паводле яго слоў, нягледзячы на ідэалізм і каштоўнасці ЕС, заявы еўрапейскіх палітыкаў часта разыходзяцца з дзеяннямі, калі справа датычыцца вызвалення палітвязняў. Але тады пра што можна гаварыць з Лукашэнкам?
— Ці можа ён вырашыць пытанне ядзернай зброі? Ці можна з ім абмяркоўваць яе вываз? Не. Гэта выключана. Ці можа ён гарантаваць, што тэрыторыя Беларусі не будзе выкарыстана супраць заходніх краін? Мы бачылі ў 2022 годзе, колькі каштавалі яго словы для Украіны.
Таму па ключавых для Еўропы пытаннях вялікага сэнсу размаўляць з Лукашэнкам няма.
Што да палітвязняў — гэта асобная тэма. Але ці гатовы Еўрасаюз гуляць паводле яго правілаў: я вызваляю людзей — вы адмяняеце санкцыі? Я не ўпэўнены, — падсумоўвае аглядальнік.
Ці зрушыць сітуацыю з месца з’яўленне Марыі Калеснікавай на палітычнай сцэне?
— Вяртаючыся да Мюнхенская канферэнцыі па бяспецы. Наколькі я ведаю, там прысутнічае Марыя Калеснікава. Гэта вельмі добра. Чым больш будзе гучаць беларускіх галасоў, тым лепш. Калеснікава — сімвал 2020 года і рэпрэсій. Я ацэньваю яе запрашэнне вельмі пазітыўна.
Іншае пытанне — якія аргументы могуць прапанаваць Ціханоўская, Калеснікава і іншыя сваім суразмоўцам.
Што да тэзіса пра неабходнасць дыялогу з Лукашэнкам — супраць яго цяпер гуляе сам Лукашэнка. Цяжка тлумачыць еўрапейскім і амерыканскім палітыкам, што з ім можна весці сур’ёзныя справы, калі ён спачатку з энтузіязмам далучаецца да нейкага фармату, а потым адмаўляецца ўдзельнічаць па даволі дзіцячых прычынах. Гэта можна было б зрабіць больш элегантна — спаслацца на здароўе, напрыклад. Але яго імідж ужо такі, што размовы пачаліся б у любым выпадку, — адзначае Фрыдман.
Чаму Лукашэнка раптам правярае боегатоўнасць?
— Думаю, гэта звязана з цяперашнімі кантактамі паміж украінскім кіраўніцтвам і беларускімі дэмакратычнымі сіламі — яму гэта не падабаецца.
Акрамя таго, гэта можна разглядаць у шырэйшым кантэксце: Расія зніжае ўзровень свайго прадстаўніцтва на перамовах з Украінай, накіроўваючы Мядзінскага. Гэта выглядае як імітацыя перамоваў і крок да абвастрэння. І дзеянні Лукашэнкі можна разглядаць у тым жа кантэксце — верагодна, існуе пэўная каардынацыя з Пуціным.
Яму таксама трэба прадэманстраваць актыўнасць пасля гісторыі з ЗША. Думаю, раздражненне з-за няўдалай паездкі ён часткова "выплюхнуў" на вайскоўцаў — адсюль заявы пра праверкі фізічнай падрыхтоўкі і гэтак далей.
Вербальная напружанасць у бліжэйшыя дні, імаверна, узмоцніцца — у лютым перад 24-м чыслом гэта звычайна адбываецца. Але ўсё ж спадзяюся, што да рэальных крокаў па абвастрэнні з беларускага боку не дойдзе, — мяркуе Аляксандр Фрыдман.