Дзіцячыя сады і карупцыя: кампанія Riko працягвае працаваць у Беларусі
Дзякуй за шчаслівае дзяцінства? / LookByMedia
У межах праграмы "Беларусь інтэлектуальная" на 2026–2030 гады ўлады плануюць прыцягнуць замежныя інвестыцыі славенскай кампаніі “Riko d.o.o.” на суму 72 446 000 рублёў. Асноўны аб’ём сродкаў плануецца асвоіць у 2026 годзе — 46 746 000 рублёў, яшчэ 25 700 000 рублёў — у 2027 годзе.
Грошы пойдуць на будаўніцтва аб’ектаў дашкольнай адукацыі. У Брэсце плануецца ўзвядзенне дзіцячага сада на 190 месцаў з басейнам. Яшчэ адзін дзіцячы сад на 100 месцаў з басейнам прадугледжаны ў горадзе Іванава.
У вёсцы Аколіца Мінскага раёна запланавана будаўніцтва дзіцячага сада на 100 месцаў з басейнам, а ў вёсцы Копішча — дзіцячага сада на 190 месцаў з басейнам.
Таксама ў горадзе Мсціслаў мяркуецца ўзвядзенне дзіцячага сада на 50 месцаў, уключна з праектна-пошукавымі работамі.
Усе аб’екты плануецца рэалізаваць з удзелам кампаніі “Riko d.o.o.” (Рэспубліка Славенія). Дакумент пастановы Савета Міністраў Беларусі знаходзіцца ў распараджэнні Еўрарадыё дзякуючы арганізацыі BELPOL.
Што не так з Riko
Нагадаем, што некалькі гадоў таму вакол славенскай кампаніі разгарэўся карупцыйны скандал. Паводле звестак "Бюро", Riko на працягу многіх гадоў атрымлівала ў Беларусі буйныя дзяржаўныя кантракты дзякуючы блізкім асабістым сувязям з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі, а таксама ўдзельнічала ў дачы хабару высокапастаўленаму чыноўніку.
Нягледзячы на скандал, дзейнасць Riko ў Беларусі не пацярпела. Кампанія працуе ў краіне з пачатку 2000-х гадоў, рэалізуе энергетычныя праекты, пастаўляе абсталяванне дзяржаўным заводам — і за гэты час зарабіла сотні мільёнаў еўра.
У 2025 годзе яна працягвала ўводзіць у эксплуатацыю падстанцыі, апошні аб’ект быў здадзены ў снежні.
Журналіст-расследавальнік "Бюро" Аляксей Карпека, сааўтар матэрыялу пра дзейнасць Riko, адзначае:
"Мяркуючы па дакументах і адкрытых даных, кампанія спакойна працягвае будаўніцтва. Важна, што большая частка сродкаў, якія плануецца накіраваць на ўзвядзенне дзіцячых садоў, — гэта ўласныя грошы Riko. Фактычна гэта можа быць альбо аплата за раней атрыманыя прэферэнцыі, альбо аванс за будучыя заказы ў энергетыцы. Пры гэтым Riko займаецца не толькі будаўніцтвам, але і пастаўкамі абсталявання для заводаў".