Цяжкаатлета, злоўленага на допінгу, прымусілі заплаціць дзяржаве 120 тысяч руб.

Цяжкая атлетыка, ілюстрацыйнае фота

Цяжкая атлетыка, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

120 тысяч рублёў быў вымушаны заплаціць дзяржаве цяжкаатлет, злоўлены на допінгу.

Як паведамляе пракуратура, у снежні 2023-га спартоўца прынялі на пасаду на пасаду інструктара нацыянальнай каманды ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі Стайкі. Таксама яго ўключылі ў склад зборнай на 2024 год.

Але ў ліпені 2024-га яго дыскваліфікавалі на чатыры гады, калі злавілі на допінгу. Пасля гэтага з ім скасавалі і працоўны дагавор. Згодна з заканадаўствам, спартоўцы, звольненыя з-за допінгу, павінны выплаціць грашовую кампенсацыю наймальніку, а таксама кампенсаваць сродкі, выдаткаваныя на іх падрыхтоўку.

Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі падлічыў, што сума кампенсацыі павінна складаць 120 тысяч рублёў (3 тысячы базавых велічыняў на той час).

Падчас дасудовай праверкі цяжкаатлет добраахвотна выплаціў 50 тысяч рублёў. "Пасля папярэдняга судовага пасяджэння адказчык добраахвотна аплаціў усю астатнюю суму выдаткаў у памеры 70 тысяч рублёў", — адзначаюць у пракуратуры.

Акрамя таго ён быў вымушаны аплаціць дзяржпошліну — 3,5 тыс. рублёў.

Хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра Ягора Грынько. Менавіта яго імя згадваецца на сайце Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва ў паведамленні пра дыскваліфікацыю ў ліпені 2024 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.