Мазырскі НПЗ атачаюць комплексамі супрацьпаветранай абароны — Свабода
Чатыры аднатыпныя насыпы вакол Мазырскага НПЗ / калаж Радыё Свабода
За апошні год вакол Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу пабудавалі чатыры земляныя насыпы для комплексаў супрацьпаветранай абароны. Раней паведамлялася толькі пра адзін такі комплекс.
У другой палове студзеня стала вядома, што на тэрыторыі Мазырскага НПЗ размяшчаецца расійскі зенітна-ракетны комплекс "Тор". Высветліць гэта ўдалося дзякуючы спадарожнікавым здымкам.
Як выявіла Радыё Свабода, у ваколіцах прадпрыемства будуюць яшчэ як мінімум тры падобныя аб’екты. Усе яны прыкрываюць НПЗ з боку ўкраінскай і расійскай мяжы.
На мяжы 2024 і 2025 гадоў вакол Мазырскага НПЗ амаль адначасова пачалі ўзводзіць чатыры аднатыпныя земляныя насыпы. На поўдні — каля вёсак Санюкі і Палаўкі, пры ўсходняй частцы тэрыторыі заводу, а таксама на поўначы — каля вёскі Праўцюкі, побач з трасай Нароўля — Мазыр. Усе яны маюць аднолькавую форму і памер пляцоўкі наверсе. Іх колькасць дакладна супадае з колькасцю баявых машын зенітна-ракетнага комплексу "Тор-М2К", якія складаюць агнявую аснову батарэі — асноўнага тактычнага фармавання ў зенітна-ракетных войсках. Цяпер працягваецца будаўніцтва толькі аднаго насыпу — каля вёскі Праўцюкі.
Пра тое, што для аховы Мазырскага НПЗ маглі перакінуць зенітна-ракетныя комплексы "Тор-М2К", маніторынгавы праект "Беларускі Гаюн" паведамляў яшчэ ў красавіку і верасні 2024 года. Улетку 2024-га ўпершыню былі зафіксаваныя залёты ў Беларусь беспілотнікаў з боку Украіны. Пасля гэтага Лукашэнка заявіў, што намераны ўзмацніць абарону мазырскага НПЗ.
Дарэчы, вайсковую пазіцыю пад Санюкамі арганізавалі на месцы невялікага пясчанага кар’еру на ўскрайку вёскі. На спадарожнікавых здымках відаць, што месца баявога дзяжурства размяшчаецца блізка ад жылых дамоў. Да аднаго з іх каля 190 метраў, яшчэ да некалькіх — блізу 300 метраў. Недзе за 450 метраў размяшчаецца сельскі клуб, побач з ім — мясцовы фельчарска-акушэрскі пункт, які абслугоўвае каля 85 жыхароў навакольных вёсак.