Нафтаперапрацоўка Віцебшчыны знізілася на 20% — Лукашэнка
Нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан"
У Віцебскай вобласці назіраецца спад ва ўсіх галінах вытворчасці, але асабліва — у нафтаперапрацоўцы і машынабудаванні. Пра гэта на нарадзе аб праблемах вобласці 3 лютага заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Што з вытворчай праграмай, ад якой прама залежыць рост усіх паказчыкаў і ўстойлівасць эканомікі? Вось вынікі: па выніку года аб'ёмы вытворчасці зніжаныя практычна ва ўсіх галінах прамысловасці — мінус 4 адсоткі. Па асобных напрамках — нафтаперапрацоўка, машынабудаванне — амаль на 20 адсоткаў", — назваў лічбы кіраўнік Беларусі.
У сярэдзіне студзеня Лукашэнка памяняў кіраўніка вобласці: замест Аляксандра Субоціна на гэтую пасаду быў прызначаны экс-амбасадар у Расіі Аляксандр Рагожнік. Здымаючы Субоціна, ён выказаў незадаволенасць, што ў вобласці не зрабілі "тое, на што і я, і іншыя звярнулі ўвагу".
Праблемы з нафтаперапрацоўкай, дарэчы, перажывае не толькі Віцебская вобласць, дзе размяшчаецца завод "Нафтан". Як паведамлялася раней, стратны Мазырскі НПЗ стрымлівае эканамічныя паказчыкі Гомельскай вобласці.