У Польшчы асудзілі мужчыну, які хацеў расказаць КДБ Беларусі пра агентаў ЦРУ

Польскія спецслужбы, ілюстрацыйнае фота

Польскія спецслужбы, ілюстрацыйнае фота / ABW

Годам пазбаўлення волі пакаралі грамадзяніна Літвы, які хацеў шпіёніць на карысць Камітэта дзяржбяспекі Беларусі. Адпаведны прысуд вынес акруговы суд Беластока, піша MOST.

Мужчына хацеў перадаць у КДБ інфармацыю пра агентаў ЦРУ ў Расіі і Еўропе. Аднак на яго выйшлі супрацоўнікі іншых спецслужбаў, якія назваліся прадстаўнікамі беларускай разведкі. Электронная перапіска доўжылася з 27 лістапада 2024 года па 14 сакавіка 2025 года. Як адзначаюць у польскай пракуратуры, дзеянні літоўца былі скіраваныя на шкоду бяспецы ЗША — саюзніка Польшчы ў NATO.

15 сакавіка 2025 года літоўца затрымалі супрацоўнікі польскага Агенцтва ўнутранай бяспекі. На допытах ён прызнаў віну і растлумачыў свае дзеянні. Гэта дазволіла суду вынесці прысуд без судовага разбіральніцтва.

Прысуд быў вынесены 9 студзеня 2026 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.