Уцякалі ад вайны — трапілі ў пекла. Як КДБ пераследаваў сям’ю за “тэрарызм"

Супрацоўнікі КДБ

Супрацоўнікі КДБ / Еўразія Эксперт

Алена (імя зменена) ніколі не збіралася пакідаць родны Марыупаль, але вайна прымусіла жанчыну і яе сям’ю неаднойчы змяніць месца жыхарства. Спадзеючыся на стабільнасць і бяспеку, украінцы ў 2025 годзе пераехалі ў Беларусь, аднак там сітуацыя стала яшчэ горшай — Алену і яе мужа ўзялі ў распрацоўку супрацоўнікі КДБ, ператварыўшы сам факт іх пераезду ў падставу для абвінавачвання ў дыверсійнай дзейнасці супраць Беларусі і Расіі.

Еўрарадыё падрабязна пераказвае гісторыю Алены, змяніўшы некаторыя дэталі, каб не стварыць пагрозы бяспецы гераіні.

Гэта працяг серыі тэкстаў “У беларускім палоне”, прысвечанай грамадзянам Украіны, якія прайшлі праз пераслед рэжыму Лукашэнкі і былі вызвалены 22 лістапада 2025 года.

 

“Потым сказалі, каб мы ўсё рабілі самі”

— Я родам з часова акупаванага горада Украіны. Да 2018 года я жыла там пастаянна. Потым мы з мужам пераехалі ў Херсонскую вобласць і пачалі там працаваць. У нас быў уласны бізнес — мы займаліся здабычай рыбы і крэветак. Усё было нармальна да лютага 2022 года, пакуль туды не ўвайшлі расійскія войскі. Тады ў нас забралі літаральна ўсё. Наш дом разрабавалі, у ім арганізавалі казарму, развярнулі ўсе памяшканні, скралі маёмасць. У Херсонскай вобласці ў нас больш нічога не засталося.

Уцякалі ад вайны — трапілі ў пекла. Як КДБ пераследаваў сям’ю за “тэрарызм"
Жыхары Херсона супраць акупацыі горада, сакавік 2022 года / Olexander Chornyj / AP

Пасля гэтага мы пераехалі ў Бесарабію, у Адэскую вобласць, недалёка ад горада Рэні. Там мы пражылі прыкладна год. У 2023 годзе мы выехалі ў адзін з еўрапейскіх гарадоў, дзе пражылі паўтара года. Аднак мой сын не паспеў выехаць з акупаванай часткі Украіны ў 2022 годзе: на той момант забаранілі выезд мужчынам. З таго часу я яго не бачыла. З дакументамі, якія яму давялося атрымліваць, самым простым варыянтам для яго быў уезд менавіта ў Беларусь.

Улады Беларусі на той момант актыўна расказвалі пра сваю нейтральнасць, пра тое, што ўкраінцам там рады, што нам дапамогуць. Мы вырашылі ехаць туды, каб быць бліжэй да дзяцей. У майго мужа таксама засталася дачка ў акупаванай частцы краіны.

Мы прыехалі ў Беларусь у траўні 2025 года і пасяліліся ў Бабруйску.

У нас быў знаёмы па імені Міхаіл. Ён часова пасяліў нас за горадам — у яго былі дамкі для адпачынку каля невялікага возера. Мы жылі ў адным з гэтых дамкоў. Мы не ведалі, колькі часу зойме пытанне ўз’яднання з дзіцем, таму разумелі, што ў Беларусі трэба пачынаць працаваць.

На дапамогу мы асабліва не разлічвалі, ды там яе фактычна ніхто не плаціць. Мы пачалі ўладкоўвацца на працу ў калгас. Мясцовая адміністрацыя паабяцала нам дом. Фармальна ніхто не быў супраць, усе казалі, што дапамогуць, аднак на справе дом аказаўся вялікі, але цалкам разбураны, без ніякіх умоў. Спачатку абяцалі дапамогу, а потым сказалі, каб мы ўсё рабілі самі.

 

“У камеры не было ні вады, ні прыбіральні, ні ракавіны”

— Пакуль мы з мужам спрабавалі прывесці гэты дом у парадак, працягвалі жыць у Міхаіла. І аднойчы, калі мы праходзілі медыцынскую камісію, нас проста з паліклінікі забралі невядомыя людзі. Яны не прадставіліся — проста пасадзілі нас у машыну і павезлі.

Гэта было ў траўні. Пазней, у сярэдзіне чэрвеня, адбыўся ўжо афіцыйны арышт. Нас прывезлі назад да таго доміка каля возера, дзе мы жылі. Там былі людзі ў масках, ніхто не прадстаўляўся. У нас забралі тэлефоны і пачалі вобшук, які цягнуўся каля чатырох гадзін.

Уцякалі ад вайны — трапілі ў пекла. Як КДБ пераследаваў сям’ю за “тэрарызм"
Магілёўскае СІЗА №4, травень 2020 года / Yandex Maps

Яны правяралі ўсё: бялізну, асабістыя рэчы, адкрывалі нават мае гігіенічныя сродкі. Праверылі флэшкі, ноўтбукі, любыя носьбіты інфармацыі. Вобшук нібыта праводзіўся паводле пратакола, але сам пратакол нам не паказалі. Пасля гэтага яны проста вярнулі тэлефоны і з’ехалі, нічога не патлумачыўшы.

На сярэдзіну чэрвеня была запланавана сустрэча з маім сынам у Мінску. Мы павінны былі сустрэць яго на вакзале а 21:30 вечара. Але каля 14:30 нам патэлефанавалі з міграцыйнай службы і папрасілі проста прыйсці распісацца, забраць пашпарты.

Калі мы прыйшлі, нас арыштавалі. Людзі ў масках без тлумачэнняў кінулі мужа на падлогу, заламалі яму рукі. Мяне паставілі тварам да сцяны, прыціснулі галаву, і муж бачыў, як мне навялі пісталет на галаву і ў вобласць сэрца.

Нас пасадзілі ў мікрааўтобус, загадалі сядзець з апушчанымі галовамі. Ніхто не тлумачыў, хто яны і што адбываецца. Мы ехалі зусім нядоўга, хутчэй за ўсё ў суседні будынак. Там нас завялі ў падвал. Мяне адвялі ў адзін пакой, мужа — у іншы. З гэтага моманту я больш яго не бачыла ажно да яго вызвалення ў снежні.

Спачатку дапытвалі мужа. Гэта цягнулася не менш за пяць гадзін. Я чула крыкі, але не разумела, што адбываецца. Са мной увесь гэты час знаходзіўся чалавек у масцы. Ён не размаўляў — проста загадаў сядзець на крэсле і глядзець у сцяну. Мне забаранялі паварочвацца і размаўляць.

Потым прыйшоў чалавек, якога я прыняла за мясцовага камандзіра. Ён сказаў, што мой муж ва ўсім прызнаўся, што мы нібыта займаліся тэрарыстычнай дзейнасцю, шпіянажам, збіралі інфармацыю на тэрыторыі Беларусі для ўкраінскіх спецслужбаў, фатаграфавалі дыслакацыі расійскай і беларускай ваеннай тэхнікі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.