Прысуд за відэарэгістратар. Як украінца затрымалі ў пачатку поўнамаштабнай вайны
Беларускі памежнік нясе вахту каля пункта пропуску "Новая Гута" / Evgenia Novozhenina / Reuters
Да вайны Міхаіл жыў у Ковелі, працуючы кіроўцам міжнароднага аўтобуса на ўкраінскіх і беларускіх маршрутах. Яго раптоўна арыштавалі ў дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, прымусілі прызнацца ў шпіёнскай дзейнасці і адправілі адбываць пакаранне ў калонію № 3 Віцебскай вобласці. Выйсці на волю мужчына змог толькі пару месяцаў таму.
Еўрарадыё паразмаўляла з Міхаілам і пераказвае ў падрабязнасцях яго гісторыю.
Гэта працяг серыі тэкстаў “У беларускім палоне”, прысвечанай грамадзянам Украіны, якія прайшлі праз пераслед рэжыму Лукашэнкі і былі вызвалены ў лістападзе 2025 года.
“Калона тэхнікі, даішнікі. Усё ехала ў бок украінскай мяжы”
Да вайны Міхаіл жыў у Ковелі, горадзе на захадзе Украіны, за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад беларускай мяжы. З 2017 года ён працаваў на рэгулярных міжнародных маршрутах Ковель — Брэст і Ковель — Львоў — Брэст, не маючы ніводнага канфлікту з уладамі, памежнымі службамі ці сілавымі структурамі.
Праца ўспрымалася мужчынам як звычайная руціна: рэйсы, межы, кантроль, дарога. У аўтобусе пастаянна быў усталяваны відэарэгістратар — стандартная практыка для транспартнай кампаніі, якая не мела ніякага асабістага дачынення да кіроўцы.
“Ён заўсёды там быў. Гэта не мая ініцыятыва — фірма ставіць, фірма і здымае. Як і ва ўсіх”.
Але тое, што было нармальным у мірным жыцці, стала небяспечным у пачатку вайны. 22 лютага 2022 года Міхаіл, як звычайна, выехаў у рэйс — на Брэст. У дарозе ён пабачыў калону расійскай і беларускай вайсковай тэхнікі, якая рухалася насустрач, у бок украінскай мяжы, у суправаджэнні супрацоўнікаў ДАІ. Відэарэгістратар аўтобуса аўтаматычна фіксаваў усё, што адбывалася на дарозе, як рабіў гэта і раней.
“Была раніца. Я ехаў у Брэст, а яны — у зваротны бок. Калона тэхнікі, даішнікі. Усё ехала ў бок украінскай мяжы”.
Увечары таго ж дня, калі ён ужо вяртаўся дадому ў Ковель, на беларуска-ўкраінскай мяжы яго затрымалі беларускія сілавікі. Фармальнай падставай стала падазрэнне ў перавозцы наркотыкаў, але ніякага рэальнага агляду транспарту або пошуку забароненых рэчываў не праводзілася.
“Сказалі, падазрэнне на перавозку наркотыкаў. Але яны нават не глядзелі нічога. Проста вырвалі відэарэгістратар з аўтобуса — і ўсё”, — згадвае суразмоўца.
Міхаіла і яшчэ некалькіх чалавек пасадзілі ў машыну, надзелі мяшкі на галовы, скавалі рукі і некалькі гадзін вазілі па Брэсце без тлумачэнняў, не паведамляючы, куды іх вязуць і на якой падставе.
“Падвешвалі ў кайданках за крук да столі. Зноў білі электрашокерам”
Пазней затрыманых і Міхаіла даставілі ў будынак брэсцкага КДБ. Усе допыты фактычна круціліся вакол відэа з відэарэгістратара: сілавікоў цікавіла, чаму вялася здымка, хто даў загад здымаць і навошта камера не была выключана. Тлумачэнні пра тое, што рэгістратар працуе аўтаматычна і ўсталяваны кампаніяй, не ўспрымаліся.
“Я тлумачыў, што нават флэшку не стаўлю — гэта робіць фірма. Але ім было ўсё роўна”.
Спачатку Міхаілу паведамілі, што яго затрымаюць на месяц, а пасля дэпартуюць ва Украіну. Аднак праз 28–29 дзён замест дэпартацыі яму прад’явілі абвінавачанне ў “агентурнай дзейнасці”, не ўдакладняючы, на якія менавіта спецслужбы ён нібыта працаваў.
Першыя дні ён правёў у ізалятары КДБ, пасля быў пераведзены ў Ленінскі ІЧУ ў Брэсце, а затым — у брэсцкае СІЗА № 7. Справа была цалкам засакрэчаная, доступу да матэрыялаў не мелі ні родныя, ні адвакаты, ні незалежныя назіральнікі.
“Усё было пад грыфам “сакрэтна”. Нікога не пускалі, нічога не тлумачылі”, — кажа Міхаіл.
Падчас допытаў у КДБ Міхаіл зазнаў сістэмныя катаванні: фізічнае гвалтаванне, падвешванне, выкарыстанне электрашокера. Гэта працягвалася цэлы дзень, каб дамагчыся ад мужчыны прызнанняў.
“Білі да сінякоў. Падвешвалі ў кайданках за крук да столі. Зноў білі электрашокерам. І так з васьмі раніцы да шасці вечара”.
Ад яго патрабавалі прызнання ў шпіянажы і супрацоўніцтве са спецслужбамі.
“Казалі: прызнавайся, што ты шпіён, што працуеш на спецслужбы”.
Пасля няўдалай спробы катаванняў следчы паставіў ультыматум, які зламаў супраціў: Міхаіл запісвае відэа з “прабачэннямі” перад беларускім народам і Лукашэнкам, іначай сілавікі пагражалі заманіць яго жонку ў пастку.
“Кажуць: або ты зараз запісваеш відэа — або мы тэлефануем тваёй жонцы, скажам, што цябе адпускаюць, і калі яна паедзе, у яе на мяжы знойдуць наркотыкі. І яна сядзе на 15 гадоў”.
Менавіта страх за жонку прымусіў Міхаіла пагадзіцца. “Я разумеў: гэта ўжо не пра мяне. Гэта пра тое, каб яе не пасадзілі”.