Расійскі беспілотнік зваліўся ў Добрушы — "Флагшток"
Дрон, ілюстрацыйнае фота / Нацыянальная паліцыя Украіны
26 студзеня ў гарадской рысе Добруша зваліўся, але не выбухнуў беспілотнік. Мяркуецца, што гэта ўдарны БПЛА тыпу "Шахед", піша выданне "Флагшток".
Прычым маніторынгавыя каналы ў той дзень залётаў не фіксавалі. Як паведаміла "Флагштоку" крыніца, мясцовым жыхарам забаранілі фатаграфаваць дрон і яго неўзабаве вывезлі. Час і месца падзення ўдакладняюцца.
27 студзеня падчас чарговай атакі на Украіну ў паветраную прастору Беларусі заляцелі некалькі дронаў. У 4:42 паведамлялася, што адзін дрон вылятае курсам на Мазыр. У 5:16 з'явіліся звесткі, што яшчэ адзін беспілотнік рухаецца курсам на Хойнікі.
Доказаў таго, што гэтыя дроны перасеклі мяжу, няма. Аднак ёсць зафіксаваныя выпадкі вылету іншых дронаў з Гомельшчыны. У 3:59 адзін з маніторынгавых каналаў паведаміў, што праз тэрыторыю Беларусі ўздоўж мяжы адзін беспілотнік кіруецца ў бок Жытоміршчыны. Пазней паведамлялася пра палёты яшчэ двух дронаў у бок Украіны.
"Флагшток" робіць выснову, што зранку 27 студзеня праз Гомельшчыну прайшлі мінімум 3 расійскія беспілотнікі. Ці ўсе яны пакінулі тэрыторыю краіны, пакуль невядома.