“Афіцэр мяне падманула”. Гісторыя беларусаў, якія трапілі ў амерыканскі дэтэншэн

Сям’я беларусаў з Тэхаса / асабісты архіў герояў

Сям’я беларусаў з Тэхаса / асабісты архіў герояў

Да 2022 года Яўгенія і Павел разам з дзецьмі жылі ў Мінску, а потым пераехалі ў Амерыку. Сям’я ўцякала з Беларусі, каб пазбегнуць палітычных рэпрэсій і не апынуцца за кратамі, але лёс распарадзіўся інакш.

У новай амерыканскай рэальнасці ім можа пагражаць дэпартацыя ў Беларусь. Але яны настроены адстойваць сваё права жыць у вольнай краіне.

Сваю гісторыю беларусы распавялі Еўрарадыё.

Пра 2020 год

Гісторыя Яўгеніі і Паўла пачынаецца ў 2020 годзе. Яны, як і вельмі многія беларусы ў той час, хадзілі на пратэсты. Удзельнічалі ў дваровых чатах і былі вельмі актыўнымі.

“Офицер меня обманула”. История белорусов, которые попали в детеншен в США
Яўгенія на адной з акцый пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе / асабісты архіў герояў

— З 9 жніўня, як мы выйшлі ўвечары да нашых выбарчых участкаў, да нашых школ, так і не сыходзілі з вуліц да 2021 года. Мы былі на заводах, раздавалі лістоўкі, выступалі на маршах і фінансава дапамагалі людзям, асуджаным за палітыку. Многіх нашых сяброў і знаёмых затрымалі. Дзякуй богу, нас гэта абмінула. Але два разы да нас прыходзілі. Першы раз гэта былі людзі ў цывільным, такія акуратна падстрыжаныя хлопцы. Сядзелі ў машыне пад пад’ездам да шостай вечара, — кажа Яўгенія.

— Другі раз прыйшлі міліцыянеры і стаялі на лесвіцы каля ліфта. Толькі да вечара. Тады яны хадзілі і шукалі дваровых актывістаў, але дзверы не ламалі.

“Тут хутка ўжо будзе немагчыма дыхаць”

Думкі пра пераезд з’явіліся пасля пачатку вайны ва Украіне. Атмасфера ў Беларусі была занадта напружанай. Тады сям’я нават з’ехала з кватэры і змяніла месца жыхарства.

— Аднаго разу мы прыйшлі ў паб паслухаць кавер-бэнд, які выконваў украінскія песні. Але напярэдадні выступу ім патэлефанавалі і забаранілі гэта рабіць: “Хочаце далей выступаць — раім змяніць рэпертуар”.

Я тады выйшла і сказала, што хутка тут ужо будзе немагчыма дыхаць. Мы з мужам пісалі антываенныя пасты ў Facebook, а вакол працягвалі саджаць людзей. Толькі і чуеш: гэтага пасадзілі, таго пасадзілі… Кола быццам усё шчыльней і шчыльней сціскалася вакол нас.

Павел дадае, што іх таксама непакоіла тое, што ў школе дзяцей пачалі апрацоўваць прапагандай.

— У 2022 годзе гэтага было занадта шмат. Мы разумелі, што дзецям немагчыма жыць у гэтай краіне, у дыктатуры. Усё было дрэнна, было страшна.

Яўгенія і Павел вырашылі з’ехаць. Выбралі ЗША.

— У нас няма ні польскіх, ні літоўскіх каранёў. Плюс гэтыя краіны знаходзяцца вельмі блізка да Расіі. Таму мы іх не разглядалі для пераезду — нам здалося, што гэта патэнцыйна вельмі небяспечна. А працэс атрымання палітычнага прытулку ў Штатах здаваўся нам больш зразумелым. Наш сябар жыве ў ЗША шмат гадоў, ён прапанаваў дапамогу і поўную падтрымку на выпадак, калі мы рашымся.

“Офицер меня обманула”. История белорусов, которые попали в детеншен в США
У 2022 годзе сям’я вырашыла з’ехаць з Беларусі / асабісты архіў герояў

Пара пачала рыхтавацца: ціха прадалі кватэры, бізнесы. Пра ад’езд ніхто не ведаў — толькі самыя блізкія. Усім астатнім сказалі, што едуць у адпачынак да мора.

— Мы купілі тур у Мексіку. І ўжо адтуль на машыне трапілі ў Амерыку. На мяжы мы папрасілі міжнародную абарону. Нас трымалі прыкладна суткі ў камеры, а потым адпусцілі. Пасля гэтага мы атрымалі статус чакання прытулку.

Па прыездзе наш сябар дапамог знайсці кватэру, школу для дзяцей, працу. Дапамагалі нам і іншыя неабыякавыя людзі, у тым ліку і амерыканцы, з якімі мы толькі-толькі пазнаёміліся.

“Я прыйшла адзначыцца, але афіцэр мяне падманула”

Тры гады сям’я жыла ў ЗША без праблем. Яны плацілі падаткі, былі законапаслухмянымі і нічога не парушалі. Паколькі яны знаходзіліся ў статусе чакання абароны, кожны год трэба было адзначацца ў міграцыйнай службе. Так і зрабілі Яўгенія з Паўлам. Прыйшлі адзначыцца — і пачалося… Гэта было 22 кастрычніка.

— Я прыйшла адзначыцца, але афіцэр мяне падманула, — успамінае Яўгенія. — Яна спытала: “А дзе вашы дзеці?” Я кажу: “Дома, бо зараз сем раніцы, яны яшчэ спяць”. Яна сказала, што мая дачка Антаніна павінна прыехаць, бо ёй ужо 19 гадоў, яна таксама павінна адзначыцца. Я адказала: “Ну, калі трэба — значыць трэба”. Патэлефанавала ёй і сказала тэрмінова прыязджаць.

Калі дачка прыехала, Яўгеніі прызначылі новую дату для адзначэння (раней трэба было адзначацца раз на год, а цяпер — раз на паўгода). І, як яна кажа, “выгналі на вуліцу”.

— А потым мне патэлефанаваў муж і сказаў, што затрымліваюць яго і дачку. З гэтага моманту пачалося пекла. Ніхто нічога не казаў, не тлумачыў, яны не хацелі нічога слухаць. Мая дачка і муж былі для іх проста лічбамі, статыстыкай…

“Офицер меня обманула”. История белорусов, которые попали в детеншен в США
Павел разам з дачкой Антонінай былі затрыманыя і змешчаныя ў дэтэншн / асабісты архіў герояў

Павел кажа, што яго з дачкой затрымалі адразу ў офісе. Іх агледзелі, дачку пакінулі ў жаночай камеры, яго — у мужчынскай.

— Гэта была звычайная камера з бетоннай падлогай, туалетам і жалезнай лаўкай. Людзей — бітком, усе чакаюць, пакуль іх прымуць.

Я не перажываў за сябе, разумеў, што многіх затрымліваюць, і ў цэлым быў гатовы да гэтага. Я спрабаваў вызваліць дачку: пытаўся, спрабаваў зразумець, хто прымае рашэнне, але марна.

Прыкладна праз 4 гадзіны, па словах Паўла, іх закавалі ў кайданы і пасадзілі ў аўтобус. Спачатку яму паабяцалі, што дачку павязуць у тое ж месца, што і яго. Але так не адбылося.

— Дачкі ў аўтобусе не было, як высветлілася, яе туды і не павезлі. Чатыры гадзіны мы ехалі, нас даставілі ў detention [імігранцкая турма ў ЗША. — Еўрарадыё] у Тэхасе.

Там мы былі прыкладна двое ці трое сутак. Гэта таксама, у прынцыпе, вялікая клетка.

Людзі былі ў тым, у чым іх затрымалі: у мяне была куртка, хтосьці быў у майцы, там былі хлопцы, якія гулялі ў футбол, — і іх схапілі.

Вялікая камера, людзей больш, чым дазволена, у два разы, усе спяць на падлозе, нічога не выдаюць. Кармілі два-тры разы, святло не выключаецца, ніхто не размаўляе. На пытанні не адказвалі. І як бы мы ні спрабавалі даведацца, колькі мы тут прабудзем, ніхто не тлумачыў.

Неўзабаве на Паўла зноў надзелі кайданкі і павезлі ў аэрапорт. Першы рэйс адмянілі, і іх вярнулі назад, але з другой спробы іх адправілі ў штат Джорджыя. Па словах Паўла, там была турма, пераабсталяваная пад detention center.

— Нас засялілі, потым прыкладна 8 гадзін прымалі. Засунулі ў клетку і паступова афармлялі дакументы, выдалі адзенне, забралі рэчы і прывялі ў атрад. Дачка са мной не паехала — яе адправілі ў турму ў Аклахоме. Яна трапіла менавіта ў турму, а не ў detention center — там быў сапраўдны крымінал, поўны шок для яе. Там яна правяла 6 дзён, а потым яе ўсё ж перамясцілі ў detention у Тэхасе.

“Офицер меня обманула”. История белорусов, которые попали в детеншен в США
Павел і Антоніна прабылі ў дэтэншне каля месяца / асабісты архіў герояў

Далей быў суд. Павел тлумачыць, што калі чалавек трапляе ў detention, на яго адкрываюць справу. І на судзе чалавек павінен даказаць амерыканскаму ўраду сваё права на абарону.

— У мяне было прызначана master hearing [першае азнаямленчае слуханне ў судзе. — Еўрарадыё], але, па сутнасці, яно адбылося ўжо пасля майго вызвалення. Мы падключыліся анлайн: суддзя — з Атланты (штат Джорджыя), я — з Тэхаса, мой адвакат — са свайго офіса.

Суддзя паглядзеў, што ўсе дакументы загружаны ў сістэму, што я не знаходжуся па адрасе detention, і прыняў рашэнне, што слуханне павінна быць перанесена назад у месца майго пражывання. На гэтым суд скончыўся, ён сказаў, што цяпер пераносім справу назад, туды, дзе вы жывяце. Туды ж, дзе вы былі.
 

“Мы беглі з Беларусі менавіта для таго, каб гэтага ніколі не здарылася”


Павел кажа, што ў detention няма доступу ні да сацсетак, ні да тэлефонаў, ні да фота.

— Вельмі складана аднавіць гісторыю і прад’явіць доказы, што табе сапраўды небяспечна вяртацца. Многія людзі прыходзяць на суд “сырымі”, без доказаў, многіх проста ловяць на вуліцы без дакументаў і рэчаў. І ім цяжка даказаць сваю невінаватасць. У выніку яны прайграюць гэтыя суды, і ім прызначаюць дэпартацыю.

Паколькі сам Павел і яго дачка, знаходзячыся ў detention, ніяк не маглі паўплываць на сітуацыю, іх выратаваннем займалася Яўгенія. Яна дамагалася вызвалення дачкі і займалася зборам доказаў па справе мужа.

Як кажа Яўгенія, спачатку не было асаблівай надзеі на станоўчы вынік. Але людзей (амерыканцаў) моцна ўзрушыла гісторыя пра тое, што Яўгенію падманулі, а дзіця забралі.

— Я ўсюды, дзе можна, расказвала пра гэта. Літаральна на кожным рагу. У мяне была прамая сувязь з кангрэсвумен па нашай прапісцы, я з ёй размаўляла. Я нават пісала ліст Меланіі Трамп, але яна не адказала. А мая дачка — трэнер па мастацкай гімнастыцы, майстар спорту. І бацькі дзяцей, якіх яна трэніравала, сталі за яе.

“Офицер меня обманула”. История белорусов, которые попали в детеншен в США
Антоніна працуе трэнерам па мастацкай гімнастыцы / асабісты архіў герояў

Там былі нават рэспубліканцы, і яны не маглі паверыць, што чалавека, якога ўсе асабіста ведалі, маглі кудысьці адправіць. Таму бацькі пачалі пісаць лісты сваім кангрэсменам. Пісалі рэферэнсы, характарыстыкі! Увогуле, там узнялася сапраўдная хваля!

А з боку мужа, кажа Яўгенія, лісты пачалі пісаць уладальнікі і трэнеры баскетбольнага клуба, куды Павел водзіць сына. Усе яны, у тым ліку бацькі, таксама вельмі абурыліся.

— Узнялася хваля — людзей абурыла гісторыя, што дзіця затрымалі. Калі б толькі мужа… мы хоць былі б да гэтага гатовыя.

Муж быў гатовы сядзець столькі, колькі трэба. І я была гатовая. Але наша дачка, па сутнасці, трапіла ў тыя ўмовы, ад якіх мы беглі ў Беларусі. Мы беглі менавіта для таго, каб гэтага ніколі не здарылася.

Дзякуючы вялікай хвалі салідарнасці іх вызвалілі. Сям’я дагэтуль не ведае, хто і як гэта зрабіў.


— Я ўсюды пісала, што мяне падманулі, што затрымалі мужа і дачку. Апісвала жудасныя ўмовы, у якіх яны знаходзяцца. Відаць, у нейкі момант гэта ўсё да кагосьці дайшло. І іх вызвалілі. На мой погляд, гэта нешта чалавечае. Добрыя людзі, добрае дзіця, і хто мог уключыцца ў справу — зрабіў гэта.

Павел з дачкой прабылі ў няволі амаль месяц — з 22 кастрычніка па 17 лістапада.

“Мы ўжо столькі перажылі, што проста немагчыма не верыць у нешта добрае”.

Пасля вызвалення статус сям’і ў ЗША не змяніўся — яны ўсё яшчэ чакаюць рашэння па прытулку.


— У Яўгеніі суд прызначаны на 2027 год. Ён быў сумесны і для нас з дачкой. Але, паколькі справу раздзялілі, у нас будуць свае суды. Але ні судоў, ні дакладнай даты ў нас пакуль няма. Усё вісіць, — кажа Павел.

“Офицер меня обманула”. История белорусов, которые попали в детеншен в США
Пасля затрымання і вызвалення сям’я працягвае верыць у лепшае / асабісты архіў герояў

— І гэта вялікая праблема для нас, — дадае Яўгенія, — бо ніхто не гарантуе, што гэта не паўторыцца. Мы па-ранейшаму нічога не парушаем.

— Калі мяне вызвалялі, я спытаў у афіцэра, што мне рабіць, каб мяне зноў не затрымалі. А ён кажа: “Дык вас і не павінны былі затрымліваць”. Але як бы там ні было, ужо складана ў гэта паверыць, — кажа Павел.

Павел і Яўгенія працягваюць верыць, што ўсё будзе добра. Іх дачка вярнулася ў каледж, Павел вярнуўся на працу, і жыццё працягваецца.

— Мы ўжо столькі перажылі, што проста немагчыма не верыць у нешта добрае. Мы поўныя аптымізму, мы гатовы за сябе пастаяць, бо ведаем, што ні ў чым не вінаваты.

***

Сям’я шчыра дзякуе ініцыятыве Byaction.org і яе заснавальніку Глебу Івашкевічу за спагадлівасць і рэальную дапамогу, а таксама актывістам Яўгену Ждановічу і Артуру Сянько за ўдзел і падтрымку.
Асаблівая ўдзячнасць — Вользе Бромэн (Volia Broughman), прадстаўніцы Асацыяцыі беларусаў Амерыкі (Association of Belarusians in America), якая першай адгукнулася і накіравала нас да Глеба.
Нашы шчырыя словы падзякі — Офісу Святланы Ціханоўскай, камандзе BYSOL, праваабарончаму цэнтру “Вясна” і Штабу Віктара Бабарыкі.
Падтрымка па абодва бакі акіяна — ад інфармацыі і маральнай падтрымкі да практычных парад і лістоў салідарнасці — стала для нас сапраўдным арыенцірам. У цяжкі момант менавіта гэта чалавечая салідарнасць паказала, што беларусы, дзе б яны ні знаходзіліся, па-ранейшаму трымаюцца разам. Таксама мы дзякуем нашым сябрам: тым, хто застаецца ў Беларусі, і тым, хто паспеў выехаць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.