Паўгода ў ізаляцыі: што перажыла беларуска ў міграцыйным цэнтры ў ЗША
Вераніка Казлоўская / Прыватны архіў
Шэсць месяцаў адсутнасці Веранікі ў сям'і далі пра сябе знаць. І калі старэйшая дачка, якой 12 гадоў, ведала, дзе была мама, то яе малодшаму сыну нядаўна споўніўся год.
— Гэта здаецца, што [паўгода] трохі, але на самой справе гэта вельмі шмат. Гэта значыць, ён мяне памятаў яшчэ, калі я карміла яго грудзьмі. І потым ён бачыў мяне па відэа, але гэта іншае. Таму была такая рэакцыя: мы быццам бы цябе ведаем, але пачакай трошкі, мы павінны ўсё роўна яшчэ прызвычаіцца, — распавядае Вераніка пра сустрэчу з дзецьмі пасля дэпартацыйнага лагера.
Беларуска жыве ў ЗША з 2017 года. Еўрарадыё падрабязна распавядала яе гісторыю, калі Вераніка яшчэ была ў дэтэншэне [іміграцыйнай турме. — Еўрарадыё]. Інцыдэнт здарыўся ў першай палове 2025 года: пакуль жанчына заносіла дадому прадукты, у машыне спаў яе маленькі сын. Мінакі палічылі, што дзіця знаходзіцца без нагляду, і выклікалі паліцыю.
Гэта стала прычынай для затрымання Веранікі. Па сітуацыі з дзіцем ніякага рашэння не было. А так як яна знаходзілася ў чаканні рашэння аб палітычным уцякацтве, яе змясцілі ў цэнтр утрымання мігрантаў Атэра ў штаце Нью-Мексіка — за тысячу кіламетраў ад дома, мужа і траіх дзяцей.
У лістападзе 2025 года, праз паўгода удалечыні ад дома, стала вядома, што справу Веранікі разгледзелі пазітыўна, і яе адпусцілі з міграцыйнага цэнтра.
"Нумар такі-та, You're leaving"
Паўгода зняволення мелі вельмі хуткі фінал. У адзін дзень у цэнтры адбыўся суд, які вырашыў вызваліць Вераніку і даць ёй прытулак у ЗША.
Яе выпусцілі ўжо на наступны дзень, але перад гэтым яна ўсё роўна хвалявалася: а раптам перадумаюць.
— І нават калі цябе выпускаюць, ты ўсё роўна не разумееш яшчэ, што ўсё скончылася.
Як распавядае Вераніка, вяртанне дадому таксама не было простым.
— У цябе ёсць два варыянты. Яны кажуць: "Мы можам цябе выкінуць альбо ў аэрапорт, альбо на аўтобусны прыпынак — выбірай". Але праблема ў тым, што яны не кажуць нічога загадзя. Гэта значыць, раніцай ты ўстаеш, у цябе звычайны дзень, і табе не кажуць рыхтавацца, маўляў, праз два гадзіны выходзіш.
Цябе проста выклікае афіцэр, маўляў, "нумар такі-та, You are leaving". І ў цябе тры секунды, каб сабраць рэчы. У цябе няма часу, каб патэлефанаваць, сказаць: "Я вяртаюся, купіце мне квіток" або што-небудзь у гэтым родзе.
У дэтэншэне, дзе была Вераніка, чатыры дормы [цэнтры для пражывання. — Еўрарадыё] па 50 чалавек. Кожнаму ложку прысвоены свой нумар. Таму "пастаяльцаў" называюць паводле нумароў, якія абазначаюць нумар пакоя і ложка, дзе спіць чалавек.
— І самае цікавае, што ты, калі выходзіш з гэтага дорма, там яшчэ куча працэдур, праз якія табе трэба прайсці, і ты чакаеш, чакаеш, чакаеш. Па выніку фізічна мяне вывезлі з гэтага будынка, мабыць, гадзіны праз чатыры — пакуль мне аддалі ўсе рэчы, пакуль мне паперы вярнулі нейкія. Хоць у мяне нічога не было.
Вераніка паспела папрасіць афіцэра патэлефанаваць на дзве хвіліны мужу і папярэдзіць, што яна едзе ў аэрапорт: "Там ужо дзесьці знойдземся".
У Веранікі было трохі грошай, якія ёй вярнулі наяўнымі з рахунку. На іх яна купіла зарадную прыладу для тэлефона, які ўключыла ўпершыню за паўгода, і зноў патэлефанавала мужу. І купіла білет у Маямі.
Вераніка прызнаецца, што нават праз два месяцы дома, яна ўсё яшчэ аднаўляецца ад перажытага.
— Гэта такі момант, калі ў цябе шэсць месяцаў не было наогул нічога, у цябе не было доступу нават да нейкіх базавых рэчаў, а зараз можна ўсё: ідзі і рабі, бяры што хочаш, працуй дзе хочаш, еш што хочаш.
Ніхто не глядзіць, калі табе трэба спаць, калі табе трэба есці і штосьці казаць ці не казаць. То бок нейкія базавыя рэчы, якія раней у цябе ішлі па раскладзе, а цяпер цябе выпусцілі на свабоду, і ты сам вольны распараджацца сваім жыццём. Гэта дае такое адчуванне, што спачатку "вау", а потым разумееш, што жыццё ж не спынілася з тае прычыны, што я была там шэсць месяцаў.
Па-ранейшаму ішлі нейкія штодзённыя клопаты, якаясь руціна. Яна проста адбывалася без цябе, і цяпер табе трэба назад у гэта ўсё ўлівацца.
Пасля суда ў Нью-Мексіка Вераніка мае статус "атрымала прытулак", але працэс яшчэ працягваецца. Трэба яшчэ аформіць усе неабходныя дакументы.
"Мы ўсе туды трапілі з розных светаў і выходзім таксама ў розныя светы"
За час у цэнтры для мігрантаў Вераніка ўбачыла вялікую колькасць людзей з рознымі лёсамі, на фоне якіх разумееш, што "ў прынцыпе, у мяне ўсё добра".
Само месца беларуска называе "вельмі непрыемным", хоць ёй паспелі распавесці пра іншыя дэтэншэны, дзе "адбываецца жорсць".
Але перад тым, як трапіць у Нью-Мексіка, Вераніку змясцілі на некалькі дзён у дэтэншэн у Пампана (у штаце Фларыда). У тым месцы дзяўчына жыла ў пакоі на шэсць чалавек. Там нават апынулася іншая беларуска.
— Нас было мала, усе былі ціхія, спакойныя. А яшчэ і чалавек, які гаворыць з табой на адной мове, з тваёй культурай. Я падумала, што, у прынцыпе, выжыць жа можна. Таму, калі яны перавялі мяне ў гэты мексіканскі кашмар, то я зразумела, што можа быць зусім інакш.
Першая мясцовая адвакатка казала ёй, што працэс зойме некалькі месяцаў, будучы ўпэўненай, што беларуску адпусцяць пад заклад. Але, паводле слоў Веранікі, за гэты час змяніліся законы, і адвакатка дапусціла некаторыя памылкі. Беларуску перавезлі ў Нью-Мексіка.
— Вось тады пачынаўся проста бардак, і гэта пры тым, што дорм прыбіраецца двойчы на дзень.
Разам з тым, як распавядае Вераніка, вошы і грыбковыя інфекцыі — гэта "звычайная справа".
— У мяне, дзякуй Богу, праблем з імунітэтам ніколі не было, я там нічога, акрамя перхаці і нейкага раздражнення на скуры, не атрымала. Але вельмі шмат людзей там сядзяць на медыкаментах проста пастаянна. Здавалася б, маладыя, але я не ведаю, адкуль у іх столькі дыягназаў.
Паміж жанчынамі здараліся і канфлікты. Вераніка адзначае, што ва ўсіх стрэс, а ў кагосьці больш заблытаная сітуацыя. Часта жанчыны між сабой або з афіцэрамі лаяліся за магчымасць патэлефанаваць родным. На 50 чалавек было 5 тэлефонаў і 8 планшэтаў.
— Натуральна, вось калі ў плюс-мінус адзін і той жа час трэба патэлефанаваць, пачынаюцца бойкі, высвятленні. Потым гэта ўсё адбіраецца. А там і так забавак няшмат, таму гэта пераходзіць у канфлікты. Я старалася нікуды ня лезьці. За парушэнні таксама могуць пасадзіць "у ізаляцыю". І ты не ведаеш: можа, гэта адаб’ецца на міграцыйным кейсе.
Тэлефон — гэта адзін з нямногіх спосабаў бавіць час. Жанчын таксама выводзілі на прагулкі. Але і тут ёсць нюанс: міграцыйны цэнтр знаходзіцца ў пустыні, і летам там было жудасна горача, таму прагулкі маглі станавіцца невыноснымі ўжо праз пару хвілін.
Гэта цяжкая праца, гэта вельмі шмат часу займае і намаганняў, каб зрабіць так, як гэта павінна быць пададзена ў судзе: легальна і правільна. Распавядаць гісторыі мы ўсе можам, пытанне ў тым, каб гэта было задакументавана. А яшчэ суддзі розныя — яны могуць па-рознаму ставіцца да розных краін.
Пра нашу Беларусь таксама да 2020 года ведалі нямногія. Гэта што: краіна, горад, вуліца — пра што ты кажаш? І такія людзі могуць трапляцца сярод афіцэраў. Таму хочацца верыць, што суддзі ўсё-ткі людзі з адукацыяй і з нейкім вопытам, начытанасцю і нагледжанасцю. Але ты ад гэтага таксама не застрахаваны. Таму тут проста велізарны дзякуй майму мужу, які сабраў гэта ўсё разам, падаў майму адвакату, які туды прыйшоў і усё гэта выдаў.
Вераніка за дапамогу ў кейсе дзякуе не толькі мужу, але і беларусам, якія збіралі яе справу.
Дарэчы, у ABA (Association of Belarusians in America) ёсць сайт, які прадастаўляе дапамогу тым, хто трапляе ў дэтэншэн, і ў каго няма блізкіх на волі, хто б мог дапамагчы са зборам патрэбных дакументаў. Там ёсць карысныя парады, што рабіць у сітуацыі, як у Веранікі.