Былы заснавальнік газеты "Шаг" вярнуўся з Польшчы ў Беларусь
Анатоль Вайцяхоўскі / акаўнт Вайцяхоўскага Вконтакте
Беларускія актывісты Беластока заўважылі, што знік прадпрымальнік Анатоль Вайцяхоўскі. Ён быў заснавальнікам папулярнай у 1990‑я баранавіцкай газеты "Шаг", а пасля пратэстаў 2020 года выехаў у эміграцыю.
Як высветліла "Наша Ніва", ён вярнуўся ў Беларусь.
У Беластоку Вайцяхоўскі жыў у адной кватэры з 69‑гадовым бабруйчанінам Уладзімірам Усерам (Лазаравым). Разам яны зняліся для фільма "Чужое неба", які прапагандысты паказалі па БТ. Стваральнікі стужкі звязаліся з эмігрантамі пад выглядам актывістаў з Вільні і папрасілі расказаць пра мінусы жыцця ў эміграцыі, каб былі падставы дапамагчы. Тады Вайцяхоўскі казаў, што трапіў у фільм памылкова, бо даверыўся суседу. Абодва зарабілі на фільме па 50 еўра.
У лістападзе 2025‑га ў іх кватэру ў Беластоку ўварваліся польскія спецслужбы. Яны затрымалі Усера (Лазарава) па падазрэнні ў шпіянажы. Неўзабаве ён памёр: спынілася сэрца. Праз суткі пасля гэтага знік Вайцяхоўскі. Ён выдаліў свой профіль у тэлеграме, выключыў тэлефон і перастаў выходзіць на працу ў таксі.
Яго жонка Таццяна, да якой датэлефанаваліся журналісты, заявіла, што з Анатолем яны даўно ў разводзе і яна нічога пра яго лёс не ведае. Пры гэтым у яе акаўнце ў Інстаграме было мноства фота і відэа з адпачынку з мужам, датаваных 2025 годам. Пасля гэтага сувязь перапынілася. А наступным разам слухаўку падняў сам Анатоль. Ён сказаў, што "адпачывае ў сваякоў". На пытанне, чаму пакінуў Польшчу і ці плануе вяртацца, мужчына кінуў трубку.
Вайцяхоўскага ў 2023 годзе затрымаў ГУБАЗіК — за каментары ў тэлеграме супраць расійскага ўварвання ва Украіну і гвалту сілавікоў. Калі яго выпусцілі, мужчына эвакуяваўся за мяжу пры дапамозе "Байсола".