Замест 150 тысяч у Беларусь прыехалі 233 пакістанцы
Работнікі з Пакістана ў Салігорску / str3.by
Увесну 2025-га Аляксандр Лукашэнка заявіў, што запросіць у Беларусь на працу 150 тысяч пакістанцаў. Гэта выклікала вялікую хвалю абурэння ў сацсетках.
Аднак за амаль год колькасць працоўных мігрантаў з Пакістана сталася нязначнай. У траўні ў Беларусі працавалі 200 чалавек з Пакістана, паведамляла Міністэрства гандлю гэтай краіны. А МУС Беларусі паведаміла, што за студзень–верасень 2025 года ў нашу краіну прыехалі толькі 233 пакістанцы.
"Белсат" паглядзеў, што паведамляюць пра сваё жыццё ў Беларусі пакістанскія мігранты. Мужчына, які пераехаў у Мінск кажа, што заробак на яго працоўнай спецыяльнасці складае 500–600 долараў. Адказваючы на пытанне, ён паведамляе, што можна знайсці працу без ведання беларускай мовы.
Адзін з мігрантаў паведаміў журналістам, што разам з сябрамі прыехаў у Беларусь на працу каля трох месяцаў таму і працуе бетоншчыкам у будаўнічым трэсце №3 у Салігорску. Свой выбар краіны для пераезду ён растлумачыў так: "Беларусь — гэта добрая краіна".
Таксама пакістанскія мігранты знайшліся ў Брэсце, Лунінцы, Бабруйску і Магілёве.
Выданне Business Recorder падкрэслівае, што заробкі пакістанцаў не адпавядаюць абяцаным: "Праз адсутнасць рэальных прапановаў працы і зацверджаных дзяржаваю рэкруцёраў мігранты хутка разумеюць, што іх увялі ў зман. Мінімальны заробак 1100 долараў, які першапачаткова згадваўся ў двухбаковым пагадненні, выглядае нерэалістычным для краіны, дзе сярэдні месячны заробак складае ад 670 да 700 долараў".