Работнікам жлобінскай фабрыкі прапанавалі грэцца ў абед каля мікрахвалёвак

Супрацоўніца Жлобінскай швейнай фабрыкі на сваім працоўным месцы

Супрацоўніца Жлобінскай швейнай фабрыкі на сваім працоўным месцы / t.me/trkgomel

Пасля скаргі работнікаў Жлобінскай швейнай фабрыкі на холад у цэхах туды прыйшла праверка і мясцовыя тэлежурналісты з тэлерадыёкампаніі "Гомель".

Работнікі скардзіліся што тэмпература ў памяшканні павінна быць 21 градус, але не падымаецца вышэй за 10 градусаў цяпла. Апублікавалі яны ў інтэрнэце і відэапацвярджэнне сваіх словаў.

Праверка санэпідслужбы, якая прыехала пасля гэтага, выявіла "нязначныя" парушэнні тэмпературнага рэжыму.

"Устаноўленыя нязначныя адхіленні ад гігіенічнага нарматыву па тэмпературы паветра на працоўных месцах у швейным цэху — на 1-3 градусы. Пры норме 20 тэмпература паветра складае 17-19 градусаў. На сённяшні дзень вызначана тэмпература 18,6−19,4 градуса", — паведаміў у каментары тэлеканалу "Беларусь 4" прадстаўнік абласной санэпідслужбы Ягор Лазарковіч.

Дырэктарка фабрыкі Таццяна Восіпава ў каментары адзначыла, што работнікі маюць два тэхналагічныя перапынкі і абед, каб сагрэцца. Паводле яе, плануецца дадаць яшчэ перапынкі, каб супрацоўнікі маглі грэцца ў "пакоях прыёму ежы", дзе ёсць чайнікі і мікрахвалёўкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.