У Гродне дзевяць чалавек трапілі ў бальніцу з абмаражэннямі
Мароз, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У выніку моцных маразоў у Гродзенскую гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі з абмаражэннямі трапілі дзевяць чалавек.
Большасць з іх паступілі з цяжкімі паражэннямі тканак. У шасці чалавек, як піша "Гродзенская праўда", дыягнаставалі абмаражэнні трэцяй–чацвёртай ступені. Астатнія пацыенты атрымалі павярхоўныя і памежныя абмаражэнні.
Лекары кажуць, што цяжкія паражэнні тканак фіксуюцца нячаста: летась такіх пацыентаў не было. Пры гэтым наступствы могуць быць вельмі сур'ёзнымі — пагражае аж да страты часткі канечнасці.
Медыкі нагадваюць, што ў маразы ў групе павышанай рызыкі знаходзяцца людзі з хранічнымі захворваннямі, у тым ліку з хваробамі сасудаў, атэрасклерозам і цукровым дыябетам. Нават лёгкае абмаражэнне ў такіх пацыентаў можа прывесці да цяжкіх ускладненняў.