Даследаванне праліло святло на залішнюю смяротнасць ад COVID-19 у Беларусі

Проба на вірус

Проба на вірус / pixabay.com

Даследаванне, праведзенае ў Беларусі пры падтрымцы Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ на пачатку 2021 года, паказала, што папуляцыйны імунітэт да COVID-19 складаў 63,2%. Гэта азначае, што асноўны ўклад у імунітэт беларусаў зрабіла перанесеная інфекцыя, а не вакцынацыя. На гэтыя дадзеныя звярнулі ўвагу "Белыя халаты" — лічбы былі агучаныя ў навуковым артыкуле пра серапрэваліентнасць да SARS-CoV-2 у Беларусі.

У артыкуле аўтары параўноўваюць сітуацыю ў Беларусі са Швецыяй, дзе таксама не ўводзілі лакдаўн падчас эпідэміі COVID-19. Афіцыйна шведскія ўлады публікавалі дадзеныя пра залішнюю смяротнасць за 2020–2022 гады — каля 12 тысяч чалавек, прычым асноўная частка прыпала на 2020 год. "Белыя халаты" мяркуюць, што ў Беларусі гэты паказчык быў у разы вышэйшы.

Пры гэтым афіцыйныя дадзеныя пра смяротнасць ад каранавіруса, якія публікаваў Міністэрства аховы здароўя, былі істотна заніжаныя. На канец 2020 года паведамлялася ўсяго пра 1424 смерці. У той жа час незалежнае даследаванне, апублікаванае ў часопісе The Lancet, ацэньвае залішнюю смяротнасць у Беларусі да канца 2021 года на ўзроўні 85 600 чалавек. Гэта ў разы перавышае шведскія паказчыкі нават з улікам карэкціроўкі The Lancet для Швецыі — 18 100 чалавек.

"Белыя халаты" лічаць, што жудасныя лічбы залішняй смяротнасці ў Беларусі сталі вынікам неэфектыўных дзеянняў уладаў. Швецыя захавала дзясяткі тысяч жыццяў і вяла адкрытую статыстыку. Беларусь жа панесла велізарныя страты і хавала рэальныя даныя.

Нагадаем, што масавую вакцынацыю Міністэрства аховы здароўя Беларусі анансавала 29 снежня 2020 года. Спачатку вакцынавалі медыцынскіх работнікаў і супрацоўнікаў устаноў з кругласутачным знаходжаннем людзей, пазней — педагогаў.

З красавіка 2021 года ўлады абяцалі правесці масавую вакцынацыю. Аднак на 23 красавіка цалкам вакцынаванымі былі толькі 84,5 тысячы чалавек, першую дозу атрымалі 244 тысячы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.