"Экстрэмісцкім фармаваннем" прызналі беларускае выдавецтва з Кракава
Кнігі, ілюстрацыйнае фота / unsplash.com
"Экстрэмісцкім фармаваннем" у Беларусі прызналі беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher, чый офіс размяшчаецца ў польскім Кракаве.
Адпаведнае рашэнне прыняў 16 лютага Камітэт дзяржбяспекі, заўважылі ў праваабарончым цэнтры "Вясна".
У выдавецтве працуюць беларусы, якія былі вымушаныя пакінуць радзiму. "Мы захоўваем асабістыя кантакты з беларусамі ўнутры краіны і прыцягваем іх да працы, каб падтрымаць матэрыяльна і захоўваць адзіную інтэлектуальную прастору", — абазначаюць сваю мэту стваральнікі выдавецтва.
У Gutenberg Publisher пабачылі свет, напрыклад, кніжкі для дзяцей, напісаныя экс-палітвязнем Андрэем Скурко, а таксама беларускія пераклады кніг Сашы Філіпенкі.
На мінулым тыдні ў Беларусі прайшла аблава сярод выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. У выніку прыпыніла працу, напрыклад, незалежнае выдавецтва "Тэхналогія".