У Мінску будуюць новае "Акрэсціна" — у прамзоне Сцяпянкі
Ізалятар на Акрэсціна / Euroradio
На месцы былога вайсковага гарадка ў Сцяпянцы ўзводзяць новы комплекс для Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП). Сёння гэты цэнтр размяшчаецца на завулку Акрэсціна. Пасля падзей 2020 года ён набыў трывалую асацыяцыю з катаваннямі і невыноснымі ўмовамі ўтрымання.
Будаўніцтва новага ЦІП фінансуецца з бюджэту Мінска і павінна завяршыцца праз год, у студзені 2027-га, заўважыла "Наша Ніва". Старую казарму знясуць да падмурка, на якім узвядуць новы двухпавярховы адміністрацыйны корпус. У цокальным паверсе размесцяцца трэнажорная зала і зала рукапашнага бою. На другім паверсе будуць кабінеты начальства, пакоі адпачынку, гардэробы, душавыя для супрацоўнікаў, бухгалтэрыя, архіў ды іншае.
Да паўночнага тарца адміністрацыйнага корпуса прымыкае ўласна ізалятар — трохпавярховы будынак з падземным узроўнем для архіваў і тэхнічных памяшканняў. У камерах на першым паверсе могуць размясціцца 22 чалавекі, на другім і трэцім — па 104 чалавекі. Агулам — 230 чалавек.
Згодна з праектам, сцены і столі будуць пафарбаваныя акрылавай фарбай проста па бетоне, перагародкі ў санвузлах зробяць з металічнага прафіляванага насцілу. Праўда, падлогі ў камерах абяцаюць зрабіць драўлянымі — значыць, будзе не так халодна.
Тэрыторыю абнясуць трохметровым плотам з трыма шэрагамі калючага дроту.
А ў цяперашнім будынку ЦІП на 1-м завулку Акрэсціна з 2 сакавіка па 30 чэрвеня 2026 года запланаваны "бягучы рамонт". Замест дошак на падлозе там зальюць палімернае пакрыццё па бетоне. Адпаведна, умовы для "палітычных", якім часта даводзіцца спаць на падлозе ў перапоўненых камерах, могуць стаць яшчэ больш жорсткімі, бо ляжаць на тонкім палімеры халадней і цвярдзей, чым на дрэве, адзначае "Наша Ніва".
Таксама ў каштарысе прапісана замена 100 м² аконных праёмаў і кратаў. Гэта можа азначаць замену шклопакетаў практычна ва ўсім будынку. Куды перавядуць людзей на час рамонту, пакуль невядома. Афіцыйна пра закрыццё старога ізалятара не паведамлялася.