"Кожны дзень там — гэта нейкае пекла". Экс-палітзняволеная пра жаночую калонію
Шыльда на ўваходзе на тэрыторыю гомельскай жаночай калоніі
Былая палітзняволеная на ўмовах ананімнасці распавяла праваабаронцам "Вясны" пра гомельскую папраўчую калонію. Жанчына кажа, што кожны дзень у ПК-4 для яе цягнуўся як тры дні.
Усіх палітзняволеных жанчын трэба вызваляць з месцаў пазбаўлення волі як мага хутчэй і любой цаной, кажа яна.
"Я разумею, чаму Маша Калеснікава тады [на прэс-канферэнцыі ў Чарнігаве] сказала "дзякуй". З людзьмі з сістэмы ўсё адно трэба спрабаваць размаўляць па-чалавечы. Гэтае "дзякуй", каб яны разумелі, што гэта бяспечна для іх, што жанчыны не ўяўляюць ніякай небяспекі, каб хутчэй выйшлі іншыя зняволеныя. Бо кожны дзень там — гэта нейкае пекла", — кажа былая палітзняволеная.
Жанчына распавядае, што зняволеныя ў калоніі вымушаныя насіць цяжкія рэчы — мяшкі з бульбай, інвентар.
"Снег і лужыны на тэрыторыі калоніі зняволеныя прыбіраюць цалкам рыдлёўкамі і вёдрамі. Бывае, што лёгкі інвентар трапіцца, а бывае, што вельмі цяжкія рэчы даводзіцца насіць, напрыклад, маторы, абломкі з цвікамі, будматэрыялы. Дзяўчатам наогул нельга насіць цяжкае — гэта вельмі шкодна і негатыўна ўздзейнічае на арганізм. У мяне самой з'явіліся наступствы ад такіх цяжкіх гаспадарчых прац", — кажа былая палітзняволеная.
Яна нагадвае, што ў Беларусі 2026 год абвешчаны Годам беларускіх жанчын.
"Але калі задумацца, у што сістэма ператварае нашых жанчын? Шмат хто сядзяць у жудасных умовах, а ім трэба нарадзіць сваіх першых дзяцей у сям'і <...> Гэта ўсё несправядліва і не па-чалавечы. Так нельга абыходзіцца з людзьмі", — кажа жанчына.
Каля 10% усіх вязняў беларускай пенітэнцыярнай сістэмы менавіта жанчыны. Улетку паведамлялася, што Беларусь з'яўляецца лідарам у Еўропе па колькасці зняволеных жанчын.