Суд папрасіў праваабаронцу вярнуцца дадому. Не здагадаецеся, навошта
Леанід Судаленка, праваабаронца
Гомельскі суд просіць праваабаронцу Леаніда Судаленку вярнуцца ў Беларусь, пішуць праваабаронцы "Вясны". Яго хочуць пабачыць на радзіме, каб ён забраў раней адабраныя ў яго "рэчавыя доказы".
У пераліку рэчаў, якія праваабаронца можа забраць — ноўтбук, кампутарная тэхніка, электронныя носьбіты, дакументы, вялікая колькасць чэкаў, квітанцый і квіткоў, а таксама сцягі з сімволікай Еўрапейскага саюза.
Маёмасць была адабраная падчас ператрусаў 2020 года ў праваабарончым офісе ў Гомелі. У паведамленні суда гаворыцца, што забраць рэчы можна толькі асабіста.
Цяпер праваабаронца знаходзіцца за мяжой, ён пакінуў Беларусь летам 2023 года пасля выхаду з калоніі. Раней яго судзілі і прысудзілі да трох гадоў зняволення за праваабарончую дзейнасць. У версіі следства гэта называлася "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і фінансаванне такой дзейнасці".
А ўжо восенню 2023 года стала вядома пра ўзбуджэнне новай крымінальнай справы супраць Судаленкі. Яе завялі па артыкуле "іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (арт.361-4 КК). Праваабаронцу судзілі завочна, прысуд — 5 гадоў калоніі строгага рэжыму і штраф у 26 тысяч рублёў.