Марозы сыходзяць, прыходзіць мокры снег: надвор’е напачатку тыдня
Надвор'е ў Беларусі / Euroradio
Сур’ёзныя марозы сыходзяць з Беларусі і адступаюць перад галалёдам з вільготным снегам, паведамляюць сіноптыкі Гідраметцэнтра. Праз галалёд сіноптыкі абвясцілі аранжавы ўзровень небяспекі.
У панядзелак, 26 студзеня, на Беларусь пачнуць рухацца цёплыя паветраныя масы з боку Міжземнага мора. Здаецца — добра, але гэтыя змены прынясуць з сабой воблачнасць і ападкі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, а дзесьці — вільготны снег або нават вільготны снег з дажджом. У асобных раёнах будзе слабая імгла і галалёд, на дарогах слізка. Месцамі будуць нават завіруха і моцны вецер.
Тэмпература паветра ноччу: ад -2°С на паўднёвым заходзе да -7°С на паўночным усходзе. Днём у сярэднім будзе -1..-8°С, але на паўднёвым захадзе і поўдні 0..+2°С.
У аўторак, 27 студзеня, зноў воблачна. Часам снег, вільготны снег і дождж. На дарогах зноў слізка. Тэмпература ноччу: 0..-7°С, месцамі на паўночным усходзе да -9°С. Днём значна цяплей: -3..+3°С, халадней толькі на паўночным усходзе, там да -5°С.
І ў сераду, 28 студзеня, таксама воблачна. На большай частцы тэрыторыі ападкі. Мінімальная тэмпература ноччу: -6..+1°С, месцамі -7..-9°С. Максімальная тэмпература днём: -4..+3°С.