Да чаго прывядзе забарона абортаў у прыватных клініках? Адказвае гінеколаг

Доктар

Доктар / pixabay.com

— Сцвярджаць, што аборты ў прыватных цэнтрах робяцца "не так", — няма ніякіх падстаў, — заяўляе гінеколаг Станіслаў Салавей. У эфіры Еўрарадыё ён разважаў пра магчымую забарону абортаў у прыватных клініках Беларусі і пра тое, як такое рашэнне можа паўплываць на грамадства.

— Наступствы такой забароны могуць быць сур’ёзнымі. Па-першае, не заўсёды ў дзяржаўных установах працуе той урач, да якога ты хочаш трапіць. А гэта — тваё права. Ты можаш выбраць спецыяліста проста таму, што ён табе больш падыходзіць, лепш тлумачыць, больш уважліва камунікуе. Гэта права выбару. Калі чалавека пазбаўляюць гэтага права — гэта ўжо трывожны сігнал.

Акрамя таго, у дзяржаўных установах значна большая нагрузка на аднаго ўрача. У яго менш часу на кожнага пацыента, і ў выніку — больш грубая камунікацыя, менш увагі, менш кантакту. Гэта таксама форма сацыяльнай траўмы, — папярэджвае ўрач.

Але беларусам не прывыкаць да адсутнасці выбару. Аднак што можа быць страшнейшым за гэта для жанчыны, якая вырашыла зрабіць аборт?

— Самае горшае, што можа здарыцца, — гэта з’яўленне падпольных абортаў. Я вельмі спадзяюся, што да гэтага не дойдзе, — кажа Салавей.

— Гэта сапраўды страшна і можа нанесці непапраўную шкоду жаночаму здароўю. Таму што аборт — гэта медыцынская працэдура, гэта аперацыя. Калі яе праводзіць чалавек без належнага досведу — гэта велізарная рызыка.

Нават калі працэдуру праводзіць дасведчаны спецыяліст, але ўзнікаюць ускладненні і ён будзе баяцца паведаміць пра іх, бо гэта злачынства, — гэта можа прывесці да наступстваў, з якімі потым будзе вельмі цяжка справіцца, — падкрэслівае ўрач-гінеколаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.