У Эстоніі забралі чэмпіянат Еўропы па фехтаванні — за спартоўцаў з РФ і РБ
Фехтавальнік / pexels.com
Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) вырашыла перанесці сёлетні чэмпіянат Еўропы па фехтаванні з Таліна ў французскі горад Антані пад Парыжам. Турнір пройдзе з 16 па 21 чэрвеня.
Прычынай стала нежаданне Эстоніі выдаваць візы спартоўцам з краін-агрэсараў — Расіі ды Беларусі, піша Delfi. Тым часам FIE патрабавала дапусціць іх да ўдзелу.
"Эстонія не можа гарантаваць, што ўсе ахвочыя прыняць удзел у чэмпіянаце Еўропы па фехтаванні змогуць перасячы мяжу. Пазіцыя ўрада была адназначнай: візы спартоўцам краін-агрэсараў не выдаюцца. Ужываецца нулявая памяркоўнасць, выключэнняў не робіцца", — тлумачыў у снежні 2025-га намеснік сакратара па спорце Міністэрства культуры Райда Міт.
Права правядзення чэмпіянату Еўропы Эстонія атрымала ў 2024 годзе. Генсакратар эстонскага Саюза фехтавання Айвар Паалберг удакладняе: "Калі мы атрымалі гэта права, у Міжнароднай федэрацыі фехтавання дзейнічалі адны правілы для спартоўцаў краін-агрэсараў, але на працягу года яны некалькі разоў змяняліся".
Спачатку спартоўцам з Беларусі і Расіі дазволілі выступаць на індывідуальных спаборніцтвах у нейтральным статусе пры ўмове, што яны не звязаныя з войскам. Потым дазволілі ўдзельнічаць вайскоўцам, калі яны заявяць, што не падтрымліваюць вайну супраць Украіны. Пасля гэтага FIE пастанавіла, што юніёры і кадэты з Беларусі і Расіі могуць выступаць у турнірах сярод аднагодкаў пад сцягам і колерамі сваёй краіны, пералічыў Паалберг.