Беларуская IT-кампанія пад санкцыямі адкрывае "незалежнае СМІ"

Алена Круталевіч

Алена Круталевіч / beresta.by

Беларуская група IT-кампаній Synesis, якая пастаўляе тэхніку для платформы Kipod, знаходзячыся пад санкцыямі ЕС і Вялікабрытаніі, вырашыла выйсці на беларускі медыярынак і запусціла навінавы сайт Times.by. Пра гэта пішуць расследавальнікі "Бюро".

Выданне пазіцыянуе сябе як "мультымедыйны інтэрнэт-рэсурс пра самае важнае і цікавае ў Беларусі і свеце" і належыць кампаніі ЗАТ "Таймс Медыя Груп", якая была зарэгістравана ў ліпені 2025 года. Форма ЗАТ не прадугледжвае раскрыцця акцыянераў праз адкрытыя базы даных, таму дакладна невядома, хто з’яўляецца ўладальнікам кампаніі.

Аднак, паводле інфармацыі "Бюро", Synesis вырашыў стварыць уласны буйны рэсурс, каб скласці канкурэнцыю недзяржаўным выданням, якія яшчэ застаюцца ў Беларусі.

Расследавальнікі знайшлі факт, які ўказвае на сувязь Synesis і Times.by: гэта электронная пошта [email protected], што выкарыстоўваецца як карпаратыўная ў структурах, звязаных з Synesis.

Галоўная рэдактарка Times.by — Алена Круталевіч, былая галоўная рэдактарка БелТА, якая ў 2025 годзе атрымала падзяку асабіста ад Аляксандра Лукашэнкі.

Дырэктар — Аляксандр Марцінкевіч, былы намеснік кіраўніка ПВТ.

Вядома як мінімум пра васьмярых журналістаў, якія працуюць у Times.by. Гэта былыя або цяперашнія супрацоўнікі выданняў Sputnik Беларусь, "Мінск-Навіны", Tochka.by, БелТА, "СБ. Беларусь сёння" і іншых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.