Трампу патрэбны “проста кавалак лёду”. Але Грэнландыя для яго — нешта большае
Грэнландыя / unsplash
На эканамічным форуме ў Давосе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сказаў, што яму патрэбна Грэнландыя толькі для забеспячэння нацыянальнай бяспекі.
А вось рэдказямельныя металы Грэнландыі яму не патрэбны. Маўляў, паміж імі і Трампам — пласты грэнландскага лёду, ды і занадта складана іх здабываць, каб пра гэта казаць.
Пласты лёду пакрылі не толькі Грэнландыю, але і амерыкана-еўрапейскія адносіны пасля таго, як Трамп загаварыў пра тое, як моцна яму патрэбны гэты арктычны мегавостраў. Еўрарадыё вырашыла, што прыйшоў час падрабязней расказаць вам, што такое Грэнландыя і што схавана пад пластамі яе лёду.
Чым была Грэнландыя, пакуль не стала востравам?
Геолагі кажуць, што Грэнландыя — частка старажытнага суперкантынента. Ён уключаў у сябе і частку Паўночнай Амерыкі, і частку Паўночнай Еўропы. Потым суперкантынент пачаў распадацца, з’явіўся разлом, які ў выніку стаў Паўночнай Атлантыкай. Грэнландыя аддзялілася ад Еўропы і адплыла на захад.
І праз 60–65 мільёнаў гадоў, у першым тысячагоддзі нашай эры, туды адправілі ў ссылку скандынаўскага мараплаўца Эрыка Рудога. Яму ў Грэнландыі спадабалася, і ён вырашыў пераканаць сваіх суайчыннікаў пераехаць туды.
Але чым можа прывабліваць кавалак неўрадлівай зямлі на краі Арктыкі? Пад пластом лёду ёсць паклады важных мінеральных рэсурсаў, уключаючы рэдказямельныя металы, піша BBC. Вы ўжо чулі пра іх, калі Трамп спрабаваў дапамагчы заключыць мірную дамову паміж Расіяй і Украінай.
Але незразумела, ці мэтазгодна здабываць рэдказямельныя металы ў Грэнландыі. Каб гэта зразумець, трэба правесці разведку, а з кожнай сотні праектаў па разведцы толькі адзін можа быць удачным і прывесці да адкрыцця шахты. І нават калі радовішча прызнаюць перспектыўным, ад моманту яго адкрыцця да пачатку здабычы можа прайсці яшчэ 10 гадоў.
А ў Грэнландыі відавочна не хапае інфраструктуры: за межамі гарадоў дарог увогуле няма. Нават на пазадарожніку па Грэнландыі не паездзіш. Перамяшчацца можна толькі на лодках або самалётах. І ўсё гэта можа стаць вялікай праблемай для горназдабыўных прадпрыемстваў.
Ёсць і яшчэ адна складанасць. Звычайны мінерал, напрыклад, золата, проста ляжыць у горнай пародзе. А рэдказямельны мінерал знаходзіцца ўнутры іншага мінералу. А часам ён злучаны, напрыклад, з уранам або іншым радыеактыўным мінералам. І тады здабыча можа спыніцца да таго, як вы атрымаеце хоць грам рэдказямельнага металу.
Можна зразумець, чаму Трамп спяшаецца з Грэнландыяй. Ну, проста яна растае. Тэмпература ў Арктыцы павышаецца ў 4 разы хутчэй, чым у астатняй частцы планеты.
І з аднаго боку, гэта дрэнна: змяняюцца экасістэмы, парушаюцца акіянскія плыні. А з другога боку — агаляецца ўсё больш горных парод, а яшчэ з’яўляюцца хады ў лёдзе, праз якія можна будзе транспартаваць мінералы. Жыхары Грэнландыі, дарэчы, моцна заклапочаны наступствамі прамысловай здабычы. Тры старыя руднікі ўжо нанеслі значную шкоду навакольнаму асяроддзю, асабліва вадзе вакол вострава. Яны нібыта і не супраць горназдабыўной прамысловасці, але адначасова хочуць быць уцягнутымі ва ўсе гэтыя працэсы.
Дарэчы, акрамя рэдказямельных металаў там, здаецца, ёсць і вялізныя запасы традыцыйнага выкапнёвага паліва — нафты і газу. З 1970-х гадоў нафтагазавыя кампаніі спрабавалі знайсці старажытныя радовішчы гэтых карысных выкапняў ля ўзбярэжжа вострава.
А яшчэ ў Грэнландыі ёсць крыяліт — мінерал, падобны на лёд (але ніколі не растае). Яго выкарыстоўваюць у вытворчасці алюмінію, і падчас Другой сусветнай вайны адзін з руднікоў забяспечваў крыялітам саюзныя войскі — алюміній быў патрэбны для вытворчасці самалётаў.
Адным словам, Грэнландыя — адна вялікая скарбніца, а таксама — адна вялікая праблема. Але цяпер яна яшчэ большая, чым калі-небудзь раней.
Грэнландыя сапраўды важная для бяспекі рэгіёна
Выступаючы на эканамічным форуме ў Давосе, Трамп увесь час падкрэсліваў, што яму не патрэбны карысныя выкапні Грэнландыі. Яго мэта — забяспечыць бяспеку ЗША і нейтралізаваць пагрозу з боку Расіі і Кітая, якая можа прыйсці з поўначы. Ці сапраўды такая пагроза існуе? У студзені 2025 года на сайце War On the Rocks, прысвечаным знешняй палітыцы, выйшаў артыкул, у якім сцвярджалася: наколькі б спрэчнымі ні былі выказванні Трампа, яго ацэнка Грэнландыі як стратэгічна важнай для ЗША тэрыторыі з’яўляецца слушнай. Лічыцца, што бяспека ў арктычным рэгіёне пераходзіць ад стану “вельмі нізкай напружанасці” да стану нарастаючай геапалітычнай канкурэнцыі.
Аднак, нягледзячы на скандальныя заявы Трампа наконт Грэнландыі на форуме ў Давосе (ён назваў яе “кавалкам лёду”!), здаецца, Еўропа і ЗША ўсё ж здолелі дамовіцца. Учора ўвечары, 22 студзеня, Трамп сустрэўся з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ. Па словах амерыканскага прэзідэнта, ім удалося акрэсліць рамкі будучай дамовы адносна Грэнландыі і ўсяго арктычнага рэгіёна. Падрабязнасцей пагаднення пакуль няма, аднак ЗША не будуць уводзіць мытныя пошліны на еўрапейскія тавары. Анексіі Грэнландыі таксама не будзе.