У Аўстрыі будуць судзіць дэпутата, які дапамог уцячы ў РБ "галоўнаму махляру ЕС"
Ян Марсалек / Wirecard
Пракуратура Вены выставіла абвінавачанне былому дэпутату Аўстрыйскай партыі свабоды (FPÖ) Томасу Шэленбахеру. Палітыка падазраюць у тым, што ён дапамог топ-менеджару нямецкай аплатнай кампаніі Wirecard Яну Марсалеку ўцячы ў Беларусь, адкуль той потым перабраўся ў Расію, піша DW.
Па версіі пракуратуры, Шэленбахер дапамог уцекачу дабрацца да аэрапорта Бад-Веслаў пад Венай, а затым — у Беларусь, "арганізаваўшы яму пералёт".
Дата судовага разгляду яшчэ не прызначаная. Абвінавачванне выставілі яшчэ ў траўні 2025 года, але грамадскасці стала вядома пра яго толькі цяпер. Шэленбахеру пагражае да двух гадоў зняволення.
Ян Марсалек — бізнесовец з Аўстрыі, адзін з кіраўнікоў кампаніі Wirecard. У 2020 годзе здарыўся фінансавы скандал, калі з рахункаў кампаніі знікла 1,9 млрд еўра. Расследаванні па яго справе вядзе пракуратура ў Германіі. У Вялікабрытаніі і Аўстрыі на яго таксама адкрытыя справы аб шпіянажы і працы на разведку РФ. Акрамя таго, Марсалека падазраюць у дапамозе ў сачэнні за журналістамі-даследчыкамі, у тым ліку Хрыста Грозевым.
Журналісцкае расследаванне Bellingcat, Der Spiegel і The Insider паказала, што 19 чэрвеня 2020 года Марсалек прыляцеў у Мінск праз некалькі гадзін пасля звальнення. Таксама следчыя выявілі, што ён цяпер жыве ў Расіі, дзе атрымаў пашпарт на імя Германа Бажэнава, працуе на ФСБ і ездзіць на акупаваныя тэрыторыі Украіны.